«Адмена ўказа № 585 была заўчаснай, гэта была сур'ёзная памылка», — сказаў сёння на сустрэчы з журналістамі міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны, паевдамляе tut.by.

— Адмена 585-га ўказа не мела сэнсу з 6 жніўня, тэрмін, які мы пазначылі ў новым дакуменце. Мы не змаглі прадугледзець, што пэўная катэгорыя людзей, якая выбудоўвала свае бюджэты на будаўніцтва жылля, стукнецца ў скалу неразумення. Трэба прызнаць, што гэта сур'ёзная памылка і мы прыносім свае прабачэнні. Сёння падрыхтаваны мой зварот да кіраўніка дзяржавы падоўжыць дзеянне 585-га ўказа на перыяд завяршэння будаўніцтва дамоў, пачатых будаўніцтвам да прыняцця 240-га ўказа, — распавёў Анатоль Чорны.

Міністр адзначыў, што падоўжана дзеянне 585-га ўказа будзе не больш чым да 1 квартала 2018 года — за гэты час усе дамы, у якіх будаваліся сем'і, якія прэтэндуюць на субсідыі па гэтым указе, будуць уведзены ў эксплуатацыю.

Сродкі на субсідаванне грамадзян па 585-м указе адшукаць магчыма, удакладніў міністр: «Праблема вырашальная, я думаю, кіраўнік дзяржавы падтрымае маю просьбу па працяг тэрміну дзеяння 585-га ўказа».

Нагадаем, на мінулым тыдні прэзідэнт падпісаў новы ўказ №240 аб адрасных субсідыях на жыллё, які пачне дзейнічаць з 6 жніўня. Аказалася, што разам з ім страціць сілу іншы ўказ — аб дапамозе маладым і шматдзетным сем'ям пры будаўніцтве жылля №585.

Маладыя і шматдзетныя сем'і, якія разлічвалі на субсідыю па 585-м указе і якія ўзялі камерцыйныя крэдыты пад 19—20%, трапілі ў прававую яму — калі да жніўня іх дамы не здадуць, то па 585-м ім ужо субсідыі не належаць, а па 240-м — яшчэ не належыць (па ім субсідуюць у парадку чарговасці). Сем'і, якія ўступілі ў будаўніцтва ў 2016—2017 гадах маглі б застацца з вялізнымі выплатамі па крэдытах, якія б узяць не рызыкнулі, калі б не надзея на дзяржаву. Субсідыі па 585-м указе належалі толькі тым, хто браў камерцыйныя крэдыты на жыллё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0