Інтэнсіўныя перамовы пра вызваленьне Казуліна вяліся і летась, і сёлета: у лютым вызвалілі ўсіх, акрамя Казуліна. Канфлікт з ЗША быў спароджаны фактычна выключна справай былога кандыдата ў прэзыдэнты. Але тады Менск казаў «не», а зараз сказаў «так». Чаму ж вызвалілі цяпер, а не тады? Якога адказу Захаду чакаюць улады Беларусі? Якія зьмены ў палітыцы гэта вяшчуе?

Камэнтуе Павал Якубовіч, галоўны рэдактар газэты «Советская Белоруссия», адна з цэнтральных фігураў у лукашэнкаўскай адміністрацыі:
«Тут уся справа ў форме. Захад часта гаворыць: нас ня надта турбуюць вашы зьмястоўныя дзеяньні, але ў Беларусі часам парушаецца форма, дык паводзьце сябе прыстойна, у вонкавай адпаведнасьці з заходнімі стандартамі, і ўсё будзе добра. Але ў дадзеным выпадку гэтыя людзі гэтай формы ня надта датрымліваліся.

Я лічу, што Казуліна ня вызвалілі тады таму, што кепска прасілі. Прасілі брутальна, з ціскам, з увядзеньнем нейкіх незразумелых санкцый. Усё было вельмі брутальна, у баксёрскай манеры, кулакамі, у вугал, а потым будзем размаўляць. Ну, а прырода нашай улады такая, што дзе сядзеш, там і зьлезеш, таму нічога добрага з гэтага ня выйшла. І скончылася гэта тым, што амэрыканскаму пасольству давялося выяжджаць амаль у поўным складзе. Мяркую, што

для ЗША даволі крыўдна ведаць, што невялікая эўрапейская дзяржава паказала на дзьверы пасольству, і нічога ад гэтага не адбылося, і ніхто не зьбіраецца каяцца.
Я тут хачу адказаць на словы Яраслава [Раманчука], што не даюць чыноўнікам выяжджаць для нейкіх апэрацый на Захадзе. Ды ўсе чыноўнікі, усе, хто жадае, выяжджае так ці інакш, так што гэтыя санкцыі – нават у гэтым анэкдатычным сэнсе– наўрад ці кагосьці палохаюць.

Але так ці інакш прыйшоў час, і

Злучаныя Штаты пераканаліся ў гэтым (ня выключаны тут і пэўны фон каўкаскі), што трэба папрасіць спакойна, ветліва і пераканаўча. Як толькі гэта было зроблена – вы ведаеце пра візыты ў Адміністрацыю пасла Нямеччыны, які часта бярэ на сябе перамоўныя функцыі – як толькі добра папрасілі, адразу ж пайшлі насустрач.
Уся справа ў форме. Як трэба папрасіць значыць, ёсьць падстава для перамоваў. Наагул, калі стукаюць у дзьверы Беларусі – заўсёды гэтыя дзьверы адчыняюцца.

Што тычыцца выразу Аляксандра Ўладзіслававіча, што ён «жах, які ляціць на крылах ночы», я адношу гэта да таго, што ён начытаўся дзіцячых кніг, якія ёсьць у бібліятэцы калёніі. Раней там была дзіцячая калёнія, і таму там шмат дзіцячых кніг і дзіцячых мультфільмаў.

Але паводзіць сябе , відаць, варта не па-дзіцячаму і разумець, што ніхто Аляксандра Ўладзіслававіча не баіцца.

Захад праявіў зацікаўленасьць, перш за ўсё ЗША. Лічу, што Беларусь нагэтулькі ж рашуча і высакародна адкажа на гэтую зацікаўленасьць. Іншая справа, што

калі пойдуць размовы пра тое, што гэта толькі адзін пункт, а яшчэ ёсьць 12 ці яшчэ больш, то гэты мядовы месяц скончыцца, не пачаўшыся.
Бо ўся сытуацыя паказала, што ціснуць, уводзіць санкцыі, заганяць у кут – з гэтага нічога ня выйдзе.

Калі Захад будзе нешта дыктаваць, нічога добрага ня выйдзе.

Калі Захад, і перш за ўсё ЗША, падыдуць да новай сытуацыі не з пазыцыі катэгарычнага імпэратыву, як у іх гэта звычайна выходзіць, то лічу, што можна казаць пра тое, што задача, пастаўленая прэзыдэнтам перад міністрам замежных спраў Мартынавым – істотна палепшыць адносіны з Захадам – будзе прасоўвацца ў хуткім тэмпе.
Захад папрасіў вырашыць пытаньне з Казуліным, Парсюкевічам і Кімам – Беларусь адказала на гэта ясна і транспарэнтна. Калі ласка.

Што ж тычыцца дэталяў, то трэба разумець, што інвэстары могуць і прыйсьці, і не прыйсьці ў Беларусь, але адносіны ўрадавых колаў ЗША і Эўразьвязу тут ролі ніякай не адыгрываюць. Калі будзе добры інвэстыцыйны клімат, а галоўнае – атрыманьне прыбыткаў, то прыйдуць людзі самі і ня будуць асабліва пытаць у сваіх урадаў.

Нейкага гандлю тут няма. Зроблены першы крок. Каб выйсьці замуж, трэба як мінімум выйсьці з дому. Захад выйшаў, Беларусь пайшла насустрач. Казаць пра тое, якія вынікі гэтага руху насустрач, наколькі гэтая дарога будзе пазбаўленая бар’ераў у выглядзе дурнаватых, на мой погляд, санкцый і абмежаваньняў, можа паказаць толькі час. Як казалі марксісты, найлепшым крытэрам ісьціны зьяўляецца практыка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?