Візавы цэнтр Іспаніі ўрачыста адкрыўся сёння ў Мінску па адрасе вул. Кальварыйская, 42, перадае БЕЛТА.

Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця пасол Беларусі ў Францыі і Іспаніі па сумяшчальніцтве Павел Латушка, праца візавага цэнтра створыць дадатковыя магчымасці для развіцця міжчалавечых кантактаў паміж Іспаніяй і Беларуссю. «Мы маем на ўвазе і актывізацыю эканамічных узаемаадносін, гуманітарнага абмену, турызму. Зроблены значны крок для развіцця адносін паміж краінамі», — сказаў ён.

Пасол Іспаніі ў Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Ігнасіа Ібаньес Рубіо выказаў упэўненасць у тым, што паслугі новага візавага цэнтра Іспаніі будуць высакаякаснымі — для таго, каб з кожным днём павялічвалася колькасць беларускіх турыстаў, якія накіроўваюцца ў Іспанію. «Хочам, каб у Іспанію прыязджала больш беларускіх бізнэсменаў», — дадаў ён.

Прымаць дакументы на візу ў новым цэнтры пачалі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця — 30 чэрвеня, з гэтага часу былі аформленыя дакументы на выдачу каля 150 віз.

Акрамя візавага збору з 60 еўра (для дзяцей ад 6 да 12 гадоў-35 еўра, дзеці да 6 гадоў вызваляюцца ад яго выплаты) трэба аплаціць сэрвісны збор у памеры 15 еўра за апрацоўку дакументаў. Візавы і сэрвісны зборы аплачваюцца толькі ў беларускіх рублях.

Разглядаць дакументы на візу будуць ад сямі рабочых дзён. Прыём і выдача дакументаў ажыццяўляецца з 9.00 да 16.00 з панядзелка па пятніцу. У іспанскім візавым цэнтры даступныя дадатковыя платныя паслугі: можна атрымаць кансультацыю па запаўненні анкеты, зрабіць фота для візы, замовіць СМС-апавяшчэнне або дастаўку пашпарта кур'ерскай службай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0