17.07.2017 / 17:30

Гарадскія актывісты звярнуліся да Лукашэнкі: Ушчыльненне забудовы правакуе масавыя пратэсты 16

Гарадскія актывісты перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот да кіраўніка дзяржавы з просьбай узяць на кантроль сітуацыю з горадабудаваннем у Мінску, піша Tut.by

Зварот быў складзены і падпісаны членамі 20 ініцыятыўных груп, якія абараняюць розныя раёны і кварталы сталіцы ад ушчыльнення і зносу.

У лісце актывісты просяць Лукашэнку стварыць працоўную групу для аналізу неабходнасці і мэтазгоднасці ўшчыльнення забудовы Мінска, «бо горадабудаўнічая палітыка, якая праводзіцца Мінгарвыканкамам, вядзе да эскалацыі сацыяльнага напружання і росту незадаволенасці сярод гараджан».

«Так склалася, што генеральны план Мінска зацверджаны вашым указам і ўсё, што адбываецца ў горадабудаўніцтве, прыкрываецца імем прэзідэнта, — пішуць у сваім звароце актывісты. — Праекты развіцця гарадскіх тэрыторый распрацоўваюцца без удзелу грамадзян, уліку грамадскай думкі, патрэб мясцовых жыхароў. Такі падыход да планавання ў горадабудаўніцтве цягне негатыўныя ацэнкі распрацаваных праектаў гараджанамі на грамадскіх абмеркаваннях, абвастрэнне сацыяльнай напружанасці, неабдуманыя марнаванні бюджэтных сродкаў, спараджае ўзлаванасць і рост недаверу да ўлады сярод насельніцтва».

Ініцыятыўныя групы адзначаюць, што горад пастаянна скалынаюць сацыяльныя канфлікты ў сувязі з пераўшчыльненнем забудовы, зносам прыватнага сектара, скарачэннем зялёных насаджэнняў, агульным пагаршэннем якасці асяроддзя пражывання. І ўсё гэта — наступствы горадабудаўнічай палітыкі Мінгарвыканкама — лічаць актывісты. А недапрацоўкі мясцовай улады адбіваюцца непасрэдна на іміджы і аўтарытэце ўлады.

«Гэтым зваротам мы хочам паказаць, што праблема ўшчыльнення забудовы мае сістэмны характар і правакуе масавыя пратэсты звычайных гараджан. Зарадзіўшыся шмат гадоў таму ў мікрараёне Уручча-2, ушчыльненне стала агульнагарадскім галаўным болем, — кажа каардынатар ініцыятывы «Экаград», памочнік дэпутата Віктар Янчурэвіч. — Масіраваная атака грамадскімі абмеркаваннямі ПДП у сезон летніх адпачынкаў кажа аб страце мясцовай уладай інстынкту самазахавання. Так, сёння ўлада можа праігнараваць меркаванне грамадскасці і зацвердзіць праект, але гараджане прадэманструюць яшчэ большую актыўнасць на этапе пачатку рэалізацыі праекта, калі ўбачаць будаўнічую тэхніку ў сябе пад вокнамі. Горад будуецца і развіваецца для людзей, да чаго такія рашэнні, якія не знаходзяць падтрымкі сярод насельніцтва? Горадабудаўнічая палітыка і практыка Мінска мае патрэбу ў карэкціроўцы, на гэта мы звяртаем увагу прэзідэнта».

Зварот у Адміністрацыі прынялі. Адказ павінны даць на працягу 30 дзён.

2
Scooter / Адказаць
17.07.2017 / 17:55
Баюся, што толькі масавыя вулічныя пратэсты могуць памяняць нешта да лепшага ў гэтым пытаньні.
3
Трата времени / Адказаць
17.07.2017 / 18:24
Scooter, совсем не обязательно! Нужен грамотный подход: юридический, архитектурный, социальный, экологический и большая активность граждан. Имею личный удачный опыт, но это всё происходит благодаря очень активным минчанам, которые тратят очень много своего времени и денег
2
Верны / Адказаць
17.07.2017 / 19:10
З 1991 году на тым будаўніцтве хабару аднога агрэблі 100 мільёнаў даляраў. Зараз такі кавалак яны з зубоў выпусьцяць. Усё даўно куплена.
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру