17.07.2017 / 23:20

Што кожны з нас можа зрабіць для людзей з інваліднасцю? Свабодны тэатр завяршыў сезон сацыяльным пытаннем прапаноўвайце свае варыянты ў каментарах! 7

Цягам сямі гадоў Свабодны тэатр даследаваў тэму інваліднасці і, нарэшце, гэта вылілася ў спектакль «Дом № 5». Абмеркаванне прэм’еры доўжылася больш, чым сама пастаноўка.

Фота: Belarus Free Theatre.

Назва матэрыялу паходзіць з аднайменнага праекта Дар’і Андраянавай і Мікалая Купрыча, якія знялі міні-фільм пра Юлю і Андрэя, якія жывуць у пасёлку Барсукі без вады, газу і працы са сваімі шызафрэнічнымі дыягназамі. Гэта стужка і транслюецца праектарам як фон спектакля ды яго нітка, на якую нанізваюцца іншыя гісторыі людзей з інваліднасцю, а таксама тэматычныя маналогі, якія ўзніклі з эцюдаў падчас рэпетыцый.

Відэагісторыя «Дом №5. Жыццё нідзе».

Разам з акцёрамі трупы на сцэну выходзяць дэбютанты — Аляксандра Чычыкава, Арамаіс Міракян ды Вадзім Калошкін, якія ў спектаклі не прыкідваюцца і не граюць ролі, бо сапраўды маюць інвалідныя групы.

Вось адзін з герояў выклікае на дом прастытутку, а іншы спрабуе пабудаваць адносіны праз сэкс па тэлефоне. Вось дзяўчына з інваліднасцю хоча пакінуць сабе нованароджанае дзіця, але дактары не дазваляюць, вось брутальны мужык, які працуе кранаўшчыком, не разумее, як у сляпога з Маладзечна жыццё можа быць лепшым, чым яго, здаровага хлопца…

Замалёўкі пра асаблівых людзей чаргуюцца з аповедамі ад імя звычайных. Апошнія, нягледзячы на «поўны фізічны набор», усё роўна не адчуваюць сябе паўнавартаснымі і шчаслівымі. Такім чынам ствараецца ўсебаковы малюнак грамадства, дзе ўсе мы суіснуем з падобнымі праблемамі, сумневамі ды недахопамі.

У несцэнічнай жа Беларусі свет да гэтага часу чамусьці падзелены на «нас, нармальных» і «тых, з адхіленнямі». Нягледзячы на тое, што ў нас пражывае больш за 500 тысяч людзей з інваліднасцю, іх да гэтага часу далёка не ўсе хочуць заўважаць і ўспрымаць не як маргінальны складнік, а як звычайных суседзяў па краіне. Грамадства захоўвае так званую стэрыльнасць.

Магчымасць на свае вочы ўбачыць дакументальныя ды харэаграфічныя знаходкі Belarus Free Theatre пакінем вам на будучы сезон, а пакуль што прапаноўваем спіс крокаў, якія кожны з нас можа рабіць ці не, каб змяняць свет для людзей з асаблівасцямі ў лепшы бок. Усе гэтыя прапановы прагучалі ад гледачоў і акцёраў на абмеркаванні прэм’еры, дадавайце свае варыянты.

Крок 1: адносіны

Не трэба ўспрымаць людзей з інваліднасцю як герояў ці ахвяр. Так, яны сапраўды асаблівыя, але з імі можна размаўляць на любыя тэмы, не абмяжоўваючыся пытаннем «Вам дапамагчы?» ці ўручэннем грошай у якасці гэтай самай дапамогі.

Крок № 2: талерантнасць

Быць талерантнымі не стэрэатыпна, а на самой справе. Тлусты, высокі, рускамоўны, з іншай верай, глуханямы — ну, і што? Нельга адмяжоўвацца ці лічыць сябе лепшым толькі таму, што нехта не такі, як ты.

Крок № 3: неабыякавасць

Калі вы бачыце, што ў вашай школе, універсітэце месцах адпачынку ды іншых установах, востра стаіць праблема адсутнасці інтэграваных класаў, пандуса ці ліфта — патрабуйце, лістуйце ў міністэрствы, змагайцеся з гэтым!

Крок № 4: раўнапраўе

На жаль, у нашай краіне да гэтага часу існуе спіс дазволеных прафесій для людзей з інваліднасцю, прычым ён даволі абсурдны. Медычныя камісіі лёгка могуць не дазволіць калясачніку быць лагапедам, а чалавеку, у якога праблемы з сэрцам, журналістам. Уладкавацца на годную працу ў будучыні яшчэ больш складана, чым атрымаць адукацыю. І гэта няправільна.

Крок № 5: рэклама

Пра гэта трэба як мага больш гаварыць, рабіць інтэграцыйныя праекты, акцыі, а самім людзям з інваліднасцю рэкламавацца ў справах, дзе яны могуць раскрыць свой талент, тады ў нас не будзе сітуацый, калі чалавек у калясцы ці сляпы на вуліцы — гэта нешта звышнатуральнае і незвычайнае.

Кацярына Карпіцкая

0
Жвiр / Адказаць
17.07.2017 / 23:25
Stavicca da liudziej z dabrynioj i vietlivasciu.
0
Global Skeptik / Адказаць
18.07.2017 / 03:18
Ресурсы - денежные и технические
2
Мама инвалидки / Адказаць
18.07.2017 / 07:15
В 2001г. на Беларусьфильме за бюджетные средства молодой кинорежиссёр снимал фильм "Гости", в котором приняла участие и моя 5-ти летняя доча с синдромом Дауна. Как говорят все знатоки - ничуть не хуже других прожила свой образ и выполнила свои задачи по сценарию даже часто и лучше здоровых... Это был период расцвета солнечного дитя как их называют!.. Но фильма так никто и не увидел - автор постановки и соавтор сценария во исполнение воли худсовета киностудии забрал плёнки со студии и спрятал, за что отсидел год на тюрьме и до сих пор мыкается по "психушкам", хоть уголовного преступления не было и нет - нет корыстного мотива в поступке по сути героическом. Не дал оторвать не родившемуся ребёнку голову во чреве перед родами, другими словами матери!.. Сделали уже без него "Эскиз на мониторе", который побеждал на МКФ и вызывал много положительных откликов, в том числе, и в СБ тогда. Но в прокат так и не вышел... Попытки напомнить об этом - со слов друзей постановщика - наталкиваются на баны со стороны и данной газеты, что просто катастрофично не только для нашей страны, но и для братской соседки, актёры которой стали центральными фигурами постановки, прокатчики которой очень даже хотели купить фильм для проката, но им отказано было... Когда отдадут прокатом деньги народу потраченные на постановку?..
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру