Міліцыя злавіла траіх магілёўцаў на падмане жыхароў вобласці — яны прадавалі фільтры для ачысткі вады. У дачыненні да дзвюх жанчын і мужчыны распачалі крымінальную справу за падман спажыўцоў, учынены групай асоб паводле папярэдняй змовы, паведамілі ва УУС Магаблвыканкама.

Праверку працы прыватнага прадпрыемства пачалі ў красавіку 2017 года па даручэнні старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага. На працу фірмы скардзіліся — пісалі звароты, сказаў намеснік начальніка УБЭЗ УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Слонімскі.

Міліцыя ўстанавіла, што з 2016-га па сакавік 2017 года супрацоўнікі прыватнай фірмы прыходзілі дадому да людзей - у асноўным, гэта былі пенсіянеры, - і прапаноўвалі ім паставіць фільтры для ачысткі вады. Для пераканаўчасці работнікі прадстаўляліся спецыялістамі Магілёўскага Гарводаканала або раённага жылкамгаса, не маючы да гэтых арганізацый ніякага дачынення.

Падазраваныя казалі, што фільтры ў любым выпадку хутка будуць ўсталёўваць і заплаціць за іх давядзецца, але лепш гэта зрабіць цяпер, пакуль праводзіцца акцыя і дзейнічае зніжка. Даверлівыя пенсіянеры разлічваліся на месцы наяўнымі па «акцыйнай цане» - плацілі ад 280 да 350 рублёў, хоць сярэдняя цана такога абсталявання - каля 100 рублёў. Пасля атрымання аплаты фірмы ставіла фільтры.

Работнікі магілёўскай фірмы паспелі прадаць фільтры жыхарам Магілёва і Магілёўскага раёна, а таксама Асіповічаў, Кіраўска і Быхава. Неаднаразова ашукаўшы спажыўцоў, яны незаконна атрымалі больш за 3 тыс. рублёў.

Паводле звестак міліцыі, датычныя да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці дзве жанчыны 29-ці і 38-мі гадоў, а таксама 26-гадовы мужчына. Ім пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?