Барысаўскі БАТЭ здолеў прабіцца ў наступны кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў. Перамога над армянскім «Алашкертам» з упэўненым лікам 3:1 не мусіць падманваць заўзятараў — яе давялося вырываць на жылах.

Фота Спутнік.

Фота Спутнік.

Пачнем з таго, што лік нечакана адкрылі армяне. Абаронцы БАТЭ не паразумеліся і пакінулі нападніка «Алашкерта» сам-насам з брамнікам Дзянісам Шчарбіцкім. Той не здолеў выратаваць каманду.

Пасля першага матча, які скончыўся з лікам 1:1, флангавы абаронца БАТЭ Максім Жаўнерчык досыць рэзка выказаўся наконт працы трэнера Аляксандра Ермаковіча і некаторых сваіх калег па камандзе. У выніку ў Ерэван ён не паляцеў, нібыта па прычыне траўмы. Абаронцаў давялося перастаўляць з пазіцыі на пазіцыю, у іх дзеяннях адчувалася няўпэўненасць.

На шчасце, літаральна праз некалькі хвілін Міхаіл Гардзяйчук здалёк прабіў па варотах «Алашкерта», ды яшчэ і ў самы кут.

Неўзабаве ён жа забіў яшчэ адзін гол, фактычна пахаваўшы інтрыгу ў матчы.

У другім тайме беларусы больш-менш кантралявалі ход матча. Напрыканцы гульні Максім Валадзько забіў яшчэ адзін гол пасля грубай памылкі армянскага брамніка — 3:1.

Праўда, агулам БАТЭ прабіў дакладна па варотах суперніка ўсяго тры разы. І ўсе гэтыя моманты скончыліся галамі!

Аднак галоўнае — перамога. У паралельным матчы іншы фаварыт, шведскі «Мальмё» пасля такой самай хатняй нічыёй нечакана вылецеў, саступіўшы македонскаму «Вардару». А вось барысаўскі клуб рушыць далей.

Цяпер БАТЭ згуляе з пражскай «Славіяй». Наступны матч адбудзецца ўжо на наступным тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?