У нас на дачы ёсць сусед — такі кіношны персанаж. Я яго называю рэмба-нінжа. Аднойчы я папрасіў рэмбу-нінжу помпу і ён мне даў помпу з выглядам, нібыта гэты апарацік будзе карміць мяне і ўсю маю сям'ю да пенсіі. Ціпа, вось табе насос, галыцьба. Ведай маю шчодрасць.

Рэмба-нінжа з тых людзей, якія усё робяць важна. Насос даюць важна, ходзяць важна, размаўляюць важна. Аднойчы я пачуў, што нінжа сварыцца на свайго бацьку. Бацька, я так зразумеў, калоў палена на бетоннай пліце. Ну і рэмба на ўсе дачы роў, што той «портіт інструмент». Але не проста роў, а ціпа так: «Этот інструмент небесплатный, между прочім! Я же по-моему об'яснял, как інструмент эксплуатіруется! Неужелі не ясно?! Что ты купішь? У кого ты купішь? Денег много у тебя?»

Рэмба абураўся хвілін 10. І я яму перастаў спачуваць ужо на другой. Пасля ён маўчаў 10 хвілін. І пасля роў яшчэ 10. І так гадзіну з перапынкамі. Ягоны свет, дзе нельга няверна эксплуатаваць інструмент і затыкацца хаця б праз 10 хвілін, уступіў у антаганізм з рэальнасцю. Але самае страшнае пачалося, калі рэмбу папрасілі пакасіць газон.

Калі я пачуў, што ён збіраецца змагацца з флорамі — я адразу зразумеў: будзе срака. 

І быў дзень, і срака была…

Рэмба рыхтаваўся да кашэння з раніцы да абеда. Важна хадзіў, вывучаў мясцовасць. Ацэньваў лакалізацыю раслін. Пінаў нагамі кусты і каменчыкі. Пасля ён пайшоў дадому і вынес вайсковую амунцыю колеру хакі. Штаны, куртку і камплектны капялюш. Ён адзеў берцы, ён адзеў чорныя акуляры і рэспіратар. Магчыма, у дзяцінстве ўнутр яго прарос дзьмухавец ці яму не дапамог трыпутнік — я проста не ведаю, чым чалавеку так магла нашкодзіць трава…

У завяршэнні ён надзеў пальчаткі і навушнікі. Пасля навушнікаў я зразумеў, што срака змянілася на трындзец, які я не перажыву.

Ён узяў бензатрымер. Цвёрда і упэўнена рвануў шнур, і пачалося пекла, якое не спынялася да позняга вечара. Ён па-броўнаўску сноўдаўся па участку і ліквідаваў кожную травінку асобна. Ён не мог касіць, як усе нармальныя пацаны: па дузе, паступова ідучы наперад, выбраўшы патрэбныя абароты рухавіка. Ён націскаў і адпускаў курок трымера кожны пару секунд каб у радыюсе кіламетра ніхто не забываў, што ў дадзеную секунду на ягоным участку ідзе бой, смяротны бой, дзе будзе толькі адзін пераможца. У гэтым бензінавым воі быў адзіны плюс. Суседзі, збіраючыся па двое-трое, маглі даволі гучна пытаць адзін у аднаго: «Калі скончыцца гэты трындзец».

Карацей, у жыцці я баюся аднаго. У іх стаіць міленькі старэнькі домік. Гэты домік адпавядае бабулі і дзядулі рэмбы, але самому рэмбу не адпавядае. І калі рэмба вырашыць, што пара зрабіць сабе сядзібу пад стаць і возьме ў рукі цыркулярку з перфаратарам — я напішу вам развітальны пост з карцінкай у выглядзе крывавай плямы, і з таго часу на маім фэйсбуку вы будзеце чытаць ці-шы-ню…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0