Італьянская археалагічна-геафізічная экспедыцыя — эксклюзіўны праект, які вырас з іншай гучнай гісторыі: пошуку патаемных памяшканняў ў грабніцы Тутанхамона.

Складанне «падземнай 3D-карты» Даліны цароў — праект сусветнага значэння, таму не варта здзіўляцца, што кіраўнік італьянскай экспедыцыі — не італьянец, а сам Захі Хавас, былы генеральны сакратар Вышэйшай рады па старажытнасцях Егіпта, былы кіраўнік Міністэрства егіпецкіх старажытнасцяў.

Згодна з Live Science, у італьянскім артыкуле Хавас паведамляе аб адкрыцці новай, раней невядомай грабніцы ў Даліне цароў. Рэдактары навукова-папулярнага выдання наўпрост звязаліся з Хавасам і атрымалі ад яго пісьмовае пацверджанне: археолагі сапраўды нешта знайшлі. Некалькі вельмі ускосных прыкметаў паказваюць на тое, што выяўлены аб'ект можа быць магілай Анхесенамон, жонкі Тутанхамона. Спалучэнне гэтых двух імёнаў і стала падставай для чарговай сенсацыі ў прэсе.

«Мы ўпэўненыя, што на даследаваным участку ёсць грабніца, але не ўпэўнены, каму яна належыць», — паведаміў Захі Хавас у першым лісце выданню Live Science.

Па словах Хаваса, на абследаваным участку ён выявіў чатыры закладныя тайнікі — дакладная прыкмета наяўнасці грабніцы. У Старажытным Егіпце пры пачатку будаўніцтва храма ці пахавальні ў падмурак будучага збудавання закладвалі тайнікі з прадметамі — керамічным посудам, ежай, інструментамі. Гэта была своеасаблівая «будаўнічая ахвяра» багам, што азначала пачатак важнага будаўніцтва і просьбу блаславіць пачынанне.

Акрамя выяўленых тайнікоў, «радар паказаў на гэтым участку наяўнасць падземнай структуры, якая можа быць уваходам у магілу», — паведаміў Хавас.

Па вялікім рахунку, яшчэ нічога не вядома, раскопкі могуць заняць некалькі гадоў, але паток гіпотэз аб прыналежнасці патэнцыйнай грабніцы ужо не спыніць. Першае меркаванне выказаў сам Хавас у перапісцы з Live Science: грабніца, калі яна там ёсць, магчыма, належыць Анхесенамон, юнай прыгажуні з цяжкім лёсам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?