Большасць расейцаў ухваліла ўстаноўку помнікаў Сталіну, якія распавядалі б аб яго поспехах, пры гэтым галоўным аргументам для выбару такога адказу стаў довад пра захаванне гістарычнай праўды, паведамляе rbc.ru. 

Фота: David Mdzinarishvili / Reuters

Фота: David Mdzinarishvili / Reuters

Больш за палову расейцаў (62%) згодны з тым, што дошкі, бюсты і іншыя атрыбуты, якія распавядаюць аб поспехах Іосіфа Сталіна, трэба размяшчаць у публічных месцах. Пры гэтым 65% грамадзян супраць устаноўкі знакаў, якія нагадваюць пра яго злачынствы. Пра гэта сведчаць вынікі апытання УЦВГД.

Па дадзеных апытання, 31% рэспандэнтаў выказаўся супраць устаноўкі помнікаў аб поспехах Сталіна, не змаглі адказаць 7% апытаных. Пры гэтым больш актыўна «за» выказваецца моладзь: устаноўку падтрымалі 77% маладых людзей (18—24 гады), сярод пажылых людзей (60 гадоў і болей) пагадзіліся са сцверджаннем 63%.

З іншага боку, 65% грамадзян супраць устаноўкі знакаў, якія расказваюць аб яго няўдачах і злачынствах. 28% апытаных падтрымалі ўстаноўку такіх атрыбутаў, 7% таксама не змаглі адказаць. Больш за іншых супраць размяшчэння помнікаў — людзі ва ўзросце 25—34 гады (70%).

Сацыёлагі адзначаюць, што галоўным матывам згоды з устаноўкай атрыбутаў, якія змяшчаюць тую ці іншую інфармацыю аб Сталіне, стаў довад аб захаванні гістарычнай праўды. Сярод тых апытаных, хто падтрымаў размяшчэнне знакаў аб поспехах былога кіраўніка СССР, большасць (57%) прагаласавала за тое, што «людзі павінны ведаць усю праўду». Аналагічны адказ выбрала большасць (39%) тых рэспандэнтаў, хто выказаўся за размяшчэнне знакаў аб злачынствах і няўдачах Сталіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0