На Каталіцкіх могілках у Магілёве. Фота Анджэя Пачобута.

На Каталіцкіх могілках у Магілёве. Фота Анджэя Пачобута.

Цікавая светапоглядная дыскусія адбылася ў фэйсбуку з удзелам топавых беларускіх інтэлектуалаў. Іскру высек пост Анджэя Пачобута, журналіста з Гродна і актывіста польскай грамады. Ён напісаў яго пад уплывам магілёўскіх уражанняў:

«На магілёўскіх могілках відаць, як на Магілёўшчыне памірала польская мова. Надпісы па-польску — гэта XIX і пачатак XX стагоддзя. Пасля ўжо толькі па-расейску. І рэч не толькі ў асіміляцыі. Быць палякам у СССР, асабліва ў 30-я гады, было смяротна небяспечна. Ужо сама нацыянальная прыналежнасць у 1937-м была дастатковай падставай для арышту. Таму польскасць прыхоўвалі, яе ўнікалі. Вось мова і занікала нават на могілках», — напісаў Пачобут.

Людзі не спрачаліся — палякаў сталінскі рэжым, сапраўды, пераследаваў жорстка. Дыскусія пайшла наконт іншага. Ці варта лічыць палякамі тых, у каго надмагільныя помнікі былі па-польску? І гэта пытанне тонкае.

З аднаго боку, палякі ў Беларусі маюць права на ўласную спадчыну. З другога боку, польская мова на помніках была вынікам таго, што курс на паланізацыю праводзіў тады касцёл, дый спольшчаныя землеўласнікі. «Раз ты каталік, значыць ты паляк», — гаварылі ў свой час людзям, якія гаварылі па-беларуску і трымаліся беларускіх традыцый. Гэта была эпоха пачатку нацыятварэння ў Беларусі. Царскія ўлады спадзяваліся русіфікаваць праваслаўных, палякі — паланізаваць каталікоў. У той час як нацыянальны рух сфармулюе іншы пастулат: і праваслаўныя, і каталікі — усе тут беларусы.

Таму дыскусія ў фэйсбуку выйшла на «вечныя пытанні». Вось некаторыя з выказванняў.

Andrej Vitushka, доктар: «Пан Пачобут хіба трохі перабольшвае :). Мая прабабуля, якае памерла ў сярэдзіне 1950 і пахавана на старых могілках у Радашкавічах, мае надпіс на помніку Michalina Niesciarowicz. Зрэшты як і многія яе аднавяскоўцы-каталікі. Ясна што ніякімі палякамі яны не былі, але гэта (падкрэсліваю:)) па-за межамі нашага абмеркавання. Традыцыя падпісваць помнікі каталікоў па-польску прасочваецца на тых (і навакольных) могілках прынамсі да сярэдзіны 1970-х. Потым зніклі людзі якія маглі б правільна напісаць. І касцёлы зачыніліся. Зрэшты, у тых жа Радашкавічах пры дарозе на могілках стаіць абеліск польскім жаўнерам, якія загінулі ў вайне з бальшавікамі. Усе саветы прастаяў, ніхто не крануў.

Agnieszka Romaszewska, кіраўніца «Белсата»: Andrej Vitushka nie, napis na pominiku to nie jest nic. To polska kultura, ktora tu była bez wątpienia obecna

Mikola Vauraniuk, журналіст, беларус з Падляшша: Анджэй, усё ж такі ў гэтым выпадку мова, гэта не нацыянальная прыкмета, а сакральная. Польская мова на каталіцкіх могілках у Беларусі як лаціна.

Аляксандр Пашкевіч, гісторык: Дык я пра тое і кажу. Фактычна «польскія» могілкі ў тыя часы, калі яны ствараліся — гэта могілкі каталіцкія. А далей ужо трэба разбірацца — што, дзе, калі.

Andrzej Poczobut: Tak, ale pakolki napisau pa belarusku na starych magilah tam niama (ci amal szto niama - moza ja nieszta nedze prapusciu), to nazwa polskija mogilki calkam adpawiadaje ich sutnasti

Аляксандр Пашкевіч: А ўсе цяперашнія могілкі ў Беларусі, значыць, расейскія?

Гісторык Аляксандр Пашкевіч адгукнуўся на дыскусію ўласным грунтоўным допісам:

«Andrzej Poczobut упэўнены, што наяўнасць надмагільных помнікаў з польскамоўнымі надпісамі на старых могілках на тэрыторыі Беларусі сведчыць пра тое, што ў такіх магілах знайшлі вечны спачын палякі (нават калі іх нашчадкі такімі сябе не лічаць). А як па мне — то сведчыць гэта выключна пра каталіцкасць нябожчыкаў, і не больш за тое, — піша Пашкевіч. — Маглі яны, натуральна, быць і палякамі — але далёка не абавязкова. Хай ужо беларусы — але ж нават і літоўцы сто гадоў таму крыжы ды помнікі па сваіх нябожчыках часта па-польску падпісвалі. Пра тое нават у 1930-х гадах у адмысловай справаздачы афіцэраў Корпуса аховы памежжа адзначалася, прысвечанай населенай збольшага літоўцамі Аранскай гміне на Віленшчыне.

Што ўжо пра Беларусь казаць? Тут увогуле нацыянальнасць вызначаць па надпісах на надмагільных помніках — яўная маніпуляцыя. Сакральныя ці «культурныя» мовы тут з мовамі штодзённага побыту далёка не заўсёды супадалі і супадаюць. Адпаведна і з нацыянальнай прыналежнасцю асобных людзей пытанні былі, ёсць і, відаць, пэўны час яшчэ будуць (хоць цяпер з гэтым куды прасцей, канечне)».

Прыемна, што гэтая дыскусія між інтэлектуаламі розных асяродкаў вядзецца карэктна і паважліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?