Камандуючы амерыканскімі войскамі ў Еўропе заявіў аб тым, што ўсходнееўрапейскія краіны Альянсу асцерагаюцца расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017». На іх думку, пакінутая зброя можа быць выкарыстана за мяжой
Генерал-лейтэнант Бэн Ходжэс, які камандуе амерыканскімі сіламі ў Еўропе, заявіў у інтэрв'ю агенцтву Reuters, што прадстаўнікі НАТА маюць намер пільна сачыць за расійска-беларускімі вучэннямі «Захад-2017». «Ёсць апасенні, што гаворка ідзе пра «траянскага каня». У Расіі кажуць, што гэта проста вучэнні, а потым усе сілы будуць перакінутыя ў іншым кірунку», — сказаў Ходжэс.
Амерыканскі генерал заявіў, што падобныя асцярогі адчуваюць краіны ўсходняй Еўропы, што ўваходзяць у НАТА, а таксама Украіна. На іх думку, Расія можа пакінуць у Беларусі ўзбраенне для іншых аперацый.
Паводле яго слоў, пакуль няма ніякіх падстаў казаць аб тым, што ў Расіі ёсць такія планы. Аднак, як адзначыў, Ходжэс, большая адкрытасць Масквы ў пытанні сваіх «ваенных гульняў» дапамагла б пераканаць краіны Усходняй Еўропы ў адваротным.
Ходжэс сказаў, што ЗША і іх саюзнікі заўсёды кажуць пра тое, колькі чалавек рэальна ўдзельнічаюць у ваенных вучэннях. У адпаведнасці з міжнароднымі дакументамі гэтая лічба не павінна перавышаць 13 тысяч. Аднак ва Усходняй Еўропе лічаць, што ў вучэннях «Захад-2017» могуць узяць удзел больш за 100 тысяч чалавек.
Амерыканскі генерал паказаў, што ніякіх асаблівых мер засцярогі ў сувязі з вучэннямі ў Беларусі не будзе. Гаворка ідзе толькі пра адпраўку дадатковых 120 дэсантнікаў у краіны Балтыі «для вучэнняў невялікага маштабу».
Вучэнні «Захад 2017» маюць прайсці з 14 па 20 верасня. У Маскве і Мінску заяўляюць, што на тэрыторыі Беларусі ў іх возьмуць удзел каля 6 тысяч вайскоўцаў.