Delfi.lt
Пасля таго, як латвійскі міністр замежных спраў Эдгар Рынкевічс паўтарыў, што краіна не мае намеру блакаваць электраэнергію, якую будзе вырабляць Астравецкая АЭС, кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства не выключыў, што суседняя дзяржава паступае з эканамічных прычынаў, піша Delfi.lt.
«Гэта, відавочна, звязана з эканамічным супрацоўніцтвам, я так мяркую, з выкарыстаннем уласна порта (Вентспілс), і гэта зразумела, але ўсё ж ёсць прынцыповыя рэчы, якія павінны мацней праяўляцца. Больш за тое, гэта аб'ект не проста аб'ект, і гэта не двухбаковая праблематыка, атамныя аб'екты не могуць быць толькі ў кантэксце двухбаковых адносінаў, гэта значна больш шырокі кантэкст, не толькі рэгіянальны, а ўсяго Еўрасаюза», - сказаў BNS Лінас Лінкявічус.
Паводле яго слоў, адной з асноўных прычын, па якіх Латвія не схільна блакаваць беларускую электраэнергію - імкненне прыцягнуць беларускія грузы ў Вентспілскі порт.
«Вельмі яркі прыклад - найбольш блізкі і ўпадабаны беларусамі Клайпедскі порт, без Клайпеды цяжка ўявіць экспарт. Але ёсць і Вентспілскі порт - я мяркую, што ім хочацца больш супрацоўніцтва. Магчыма, ёсць і іншыя прычыны», - сказаў міністр.
Аднак, паводле яго слоў, латвійская пазіцыя магла б змяніцца, калі б іншыя краіны рэгіёну вырашылі падтрымаць Літву, байкатуючы беларускую электраэнергію.
Напярэдадні візіту ў Беларусь латвійскі міністр Эдгарс Рынкевічс заявіў tut.by, што ў Латвіі не абмяркоўваецца пытанне байкоту беларускай электраэнергіі. Паводле яго слоў, Латвія разумее заклапочанасць Літвы, але пытанне бяспекі АЭС абмяркоўвае напрамую з Беларуссю