Сёння ў судзе Савецкага раёна Гомеля судзяць блогера Максіма Філіповіча «за падмену дзяржаўных СМІ». У перапынку судовага паседжання міліцыя кайданкамі прыкавала да дрэва журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага за непадпарадкаванне.

У Гомелі пасля відэаздымкаў судовага паседжання па адміністрацыйнай справе блогера Максіма Філіповіча супрацоўнікі ДАІ затрымалі журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Ён з калегамі ад’ехаў ад будынку суду на прыватнай аўтамашыне метраў дзвесце. Спыніў яго падпалкоўнік міліцыі, які не назваў сябе, запатрабаваў дакумэнты. Паглядзеўшы, патрабаваў ехаць у ДАІ на той падставе, што раней у Добрушы Жукоўскі нібыта парушыў правілы дарожнага руху.

Кастусь адказаў, што ніякай позвы не атрымліваў і пра парушэнне правілаў дарожнага руху ў Добрушы чуе ўпершыню. І наагул, цяпер заняты. Калі будзе позва, ён прыедзе ў ДАІ.

«Аднак падпалкоўнік стаяў на сваім, выклікаў падмогу. Кастусю надзелі кайданкі, прыкаваўшычы яго да дрэва. Я здымаў усё на відэа. У мяне адабралі відэакамеру. Я патэлефанаваў на 102, заявіў пра гвалтоўныя дзеянні міліцыянтаў. Камеру мне вярнулі, а Жукоўскага забралі ў ДАІ», — распавёў службе маніторынгу БАЖ відавочца і напарнік фрылансера Андрэй Толчын.

Ён дадаў, што міліцыя ўсялякім чынам пераследуе Жукоўскага за яго фрылансерскую дзейнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?