Камісія па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў выступіла супраць «апаганьваньня памяці савецкіх салдат і афіцэраў, воінаў дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі». Заява прынятая на фоне рашэння Варшавы знесці помнікі Чырвонай Арміі, піша Tut.by.

Дэпутаты адзначылі, што, як і ўвесь народ, яны «свята шануюць памяць нашых суайчыннікаў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы сваю Радзіму і свет ад фашызму».

— На жаль, у апошні час мы ўсё часцей становімся сведкамі апаганення памяці савецкіх салдат і афіцэраў, воінаў дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі, якія цаной уласнага жыцця прынеслі вызваленне народаў Еўропы ад «карычневай чумы» і адыгралі вырашальную ролю ў Перамозе над фашызмам. Знішчаюцца і апаганьваюцца помнікі і мемарыялы, месцы пахавання воінаў, якія вызвалялі Еўропу ад нацысцкай акупацыі. Робяцца мэтанакіраваныя спробы перапісвання гісторыі, гераізацыі нацызму, скажэння і перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны.

У парламенце «рашуча асудзілі» такія дзеянні і заявілі, што «любыя спробы праслаўлення і адраджэння фашызму павінны быць спыненыя».

Дэпутаты таксама заклікалі ўсе краіны свята шанаваць памяць пра загінулых у барацьбе з фашызмам і падтрымліваць у належным стане воінскія пахаванні, мемарыялы ў памяць пра герояў і страшныя падзеі Другой сусветнай вайны.

Акрамя таго, у парламенце заклікалі калег з Еўропы аб'яднаць намаганні па супрацьдзеянні «спробам адраджэння фашызму ў любых яго праявах, супрацьстаяць апаганенню памяці салдат і афіцэраў, партызан, байцоў Супраціву, ахвяр Халакоста, мільёнаў людзей, якія аддалі свае жыцці за вызваленне Еўропы ад фашызму».

Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч паведаміў у сябе ў фэйсбуку, што менавіта ЛДП выступіла з ініцыятывай прыняць такую заяву ў парламенце пасля рашэння аб зносе помнікаў у Польшчы. Член партыі Анатоль Хішчанка ўваходзіць у склад камісіі па міжнародных справах.

Раней падобныя заявы прынялі Дзярждума РФ, Савет кіраўнікоў МЗС АДКБ і ізраільскі парламент (Кнэсет).

17 ліпеня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўхваліў папраўкі ў закон аб зносе помнікаў савецкай эпохі, у тым ліку мемарыялаў у гонар Чырвонай Арміі. У краіне налічылі 469 помнікаў, якія неабходна знесці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0