Анжэліна Дыяш — актывістка ці «сэкстрэмістка» (як самі сябе называюць удзельніцы FEMEN), якая 21 ліпеня агаліла грудзі з надпісам «Жыве Беларусь» на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ў Кіеве. Дзяўчыну ноч трымалі ў паліцыі і вызвалілі толькі ўвечары 22 ліпеня пад падпіску аб нявыездзе. Анжэліна распавяла «Нашай Ніве», што штурхнула яе на радыкальны ўчынак.
Анжэліна Дыяш у судзе
«Наша Ніва»: Дзе вы зараз, як вы?
Анжэліна Дыяш: Я нарэшце на волі. Учора мяне 2 гадзіны трымалі ў Адміністрацыі, пасля ў аддзяленні паліцыі вельмі доўга не пускалі адваката. Не ведалі, што са мной рабіць, задавалі нейкія пытанні… У прынцыпе, са мной паводзілі сябе нармальна, не было ніякага гвалту. Але псіхалагічна было цяжка.
«НН»: Вы гатовыя былі правесці ноч у паліцыі?
АД: Не, што я буду ночыць у паліцыі, я не думала і не чакала.
«НН»: А што з фэйкавым пасведчаннем журналіста? Вы зрабілі яго самі ці адкуль яно?
Пасведчанне, праз якое Дыяш трапіла на сустрэчу Лукашэнкі і Парашэнкі
АД: Я на гэтую тэму не даю каментароў.
«НН»: Вашай мэтай быў пратэст непасрэдна перад Лукашэнкам? Чаму?
АД: Канечне, перад Лукашэнкам, але не толькі перад ім — гэта быў пратэст перад украінцамі, перад усімі.
Лукашэнка — ён здраднік народа, дыктатар. Беларускі народ — паднявольны ва ўласнай дзяржаве: мільён абмежаванняў… Дыктатараў увогуле быць не павінна ў свеце. Я супраць дыктатуры заўсёды была і буду.
«НН»: А вы самі былі ў Беларусі?
АД: Так. Гады тры-чатыры таму ў Гомелі. Была там па справах, звязаных з працай.
«НН»: І як уражанні?
АД: Мяне ўразіла, што ў вас ноччу горад проста памірае.
Фота - Валянцін Бо
«НН»: А чым вы ўвогуле займаецеся? Чым зарабляеце?
АД: Выкладаю англійскую — па адукацыі я выкладчык. Займаюся здымкамі — здымаюся, здымаю сама… Займаюся рознай творчай працай.
«НН»: Нярэдка кажуць, што FEMEN плацяць грошы актывісткам.
АД: Гэта хлусня, ніхто грошай не плаціць. Я рабіла гэта не за грошы. Мой учынак звязаны з маімі перакананнямі.
«НН»: Вы з 2009 года ў FEMEN — то бок фактычна з 18 гадоў?
АД: Упершыню я пачула пра іх яшчэ ў сваім родным горадзе, у Хмяльніцку. Я заўсёды змагалася з несправядлівасцю. І пасля проста далучылася да жаночага руху, каб працягваць гэтую барацьбу.