У суботу ўвечары ў доме на Талбухіна, 5 з трэцяга паверха абрынулася бетонная падлога балкона. Пліта ўпала на балкон суседкі паверхам ніжэй, паведамляе tut.by

У нядзелю раніцай з другога і трэцяга паверха балконы знялі. Абодва балконы былі незашклёныя. Агароджы, якія засталіся ад іх, паставілі ў двары. Вокны запячаталі. На ўсіх пад'ездах вісяць аб'явы пра тое, што 24 ліпеня будзе праходзіць абследаванне ЖЭУ па ўсім доме.

Па словах мужчыны, які пражывае ў кватэры на трэцім паверсе, некалькі месяцаў таму пад ім трэснуў балкон. Пасля чаго ён перастаў туды выходзіць і напісаў скаргу ў ЖЭС, але яму адказалі, што працы правядуць да верасня.

— Я бачыў, што балкон рэальна адышоў ад сцяны.

А вось суседка Альбіна Яфімаўна паверхам ніжэй, якая зараз таксама без балкона, больш занепакоеная сітуацыяй.

— Учора ўвечары ляжала, чую, штосьці як грымне! Суседзі патэлефанавалі, сфатаграфавалі, усё мне паказалі. Гляджу, на балконе — жах што! У гадзін дзесяць я сёння ішла з царквы, краны ўжо тут усё прыбіралі і здымалі балконы. Чалавек 15 прыехала.

Дом 1958 года пабудовы. У 2009-м тут рабілі капітальны рамонт, але балконы не рамантавалі.

— Хіба можна так нядбала ставіцца да справы? Ну відаць, што іх так унізе пафорбавалі пабелкай, яно ўжо ўся абсыпалася! Хай правераць, хто гэты дом прымаў, таму што ў нас нічога пасля капрамонту не правяралі!

Альбіна Яфімаўна кажа, што пасля капітальнага рамонту пісала скаргі ў выканкам аб тым, каб зрабілі рамонт балконаў. Але ніякіх работ так і не зрабілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0