«Не расійскаму фашызму» - пад такім лозунгам сотні людзей прайшлі маршам па праспекце Агмашэнебелі ў цэнтры Тбілісі ў нядзелю. Шэсцю, арганізаванае партыяй «Рух за свабоду - Еўрапейская Грузія», паспрабавалі супрацьстаяць ўдзельнікі «контр-акцыі», якія сабраліся на тым самым праспекце, паведамляе Бі-бі-сі.

Месцам правядзення шэсця «Еўрапейскай Грузіі» быў выбраны папулярны ў турыстаў праспект сталіцы, дзе 14 ліпеня ўжо прайшоў нацыяналістычны «Марш грузінаў» з патрабаваннем узмацнення жорсткасці іміграцыйнай палітыкі і выправаджэння з Грузіі нелегальных імігрантаў.

Па словах прадстаўнікоў «Еўрапейскай Грузіі», іх шэсце стала адказам на гэты марш і дэманстрацыяй таго, што Грузія з'яўляецца талерантнай краінай, дзе няма месца фашызму і ксенафобіі, праяўленай на маршы і, на іх думку, штучна навязванай з Расіі.

«Гэтай акцыяй мы гаворым - не фашызму, які, на жаль, быў прадэманстраваны на гэтай вуліцы некалькі дзён таму, калі адна даволі маргінальная, але ўсё ж па-ксенафобску настроеная група выказала абсалютна непрымальную пазіцыю, якая супярэчыць грузінскім каштоўнасцям. Гэтая акцыя супраць іх, а таксама супраць уладаў, якія ўсё робяць для таго, каб такія групы існавалі», - заявіў Бі-бі-сі адзін з лідараў партыі Сяргей Капанадзэ.

Шэсце абапал дарогі суправаджалі прадстаўнікі праваахоўных органаў.

Сітуацыя абвастрылася, калі марш дайшоў да месца, дзе сабраліся ўдзельнікі процілеглай акцыі, якія пагражалі не даць лідарам «Еўрапейскай Грузіі» правесці шэсце.

Удзельнікі другой акцыі заяўлялі, што лідары «Еўрапейскай Грузіі» - прадстаўнікі ранейшых уладаў - не маюць маральнага права праводзіць шэсце ў цэнтры Тбілісі, бо на іх ляжыць адказнасць за найцяжэйшыя парушэнні правоў чалавека пры папярэднім урадзе.

Анансуючы правядзенне «контр-акцыі», арганізатары і ўдзельнікі «Маршу грузінаў» заяўлялі, што гатовыя да таго, што іх разгоняць улады.

Аднак незадоўга да пачатку шэсця частка арганізатараў «Маршу грузінаў» заявіла, што адмаўляецца ад яго правядзення і заклікала ўдзельнікаў разысціся, тлумачачы гэта пазіцыяй грузінскага патрыярха.

Патрыярхія Грузіі ў нядзелю распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала арганізатараў устрымацца ад правядзення абедзьвюх акцыяў у пазбяганне «непрадбачаных наступстваў».

Нягледзячы на гэта, некаторыя ўдзельнікі «контр-акцыі» вырашылі застацца на праспекце і сустрэць шэсце.

Паліцыя адгарадзіла іх кардонам, не даўшы магчымасці наблізіцца да маршу, аднак ва ўдзельнікаў шэсця праз паліцэйскіх паляцелі пластыкавыя бутэлькі, яйкі і памідоры, якія суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай.

Паводле звестак паліцыі, лёгкія пашкоджанні атрымалі некалькі чалавек. Нягледзячы на гэта, пасля нядоўгага замяшання шэсце «Еўрапейскай Грузіі» працягнулася і завяршылася каля станцыі метро «Марджанішвілі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0