Сёлета споўнілася 33 гады з моманту адкрыцця метрапалітэна ў беларускай сталіцы. Першапачаткова мінскае метро мела толькі 8 станцый і агульную працягласць 8,6 км. За час сваёй працы падземка разраслася — зараз у ёй ёсць 29 станцый, а працягласць шляхоў — 37,27 км. Многа гэта ці мала?

Каб высветліць, наколькі хутка разбудоўваецца метро ў беларускай сталіцы, мы параўналі тэмп будаўніцтва мінскага метро з метрапалітэнамі ў іншых гарадах, якія былі пабудаваныя прыкладна ў адзін час з мінскім ці нават пазней.

Каракас (Венесуэла)

Дата адкрыцця — 1983 год.

Метро ў сталіцы Венесуэлы ўсяго толькі на адзін год старэйшае за мінскае. Але венесуэльцы ўжо паспелі пабудаваць 5 ліній метро з 49 станцыямі агульнай працягласцю 63,6 км. І гэта пры тым, што Каракас па плошчы толькі крыху большы за Мінск (440 супраць 348,84 квадратных кіламетраў).

Сінгапур

Дата адкрыцця — 1987 год.

Азіяцкая міні-дзяржава атрымала ўласнае метро ў 1987 годзе, калі паміж станцыямі Yio Chu Kang і Toa Payoh з’явілася першая лінія. Усе апошнія 30 гадоў сінгапурскае метро актыўна будавалася, і цяпер яно ўжо мае 5 актыўных ліній агульнай працягласцю 170,7 км, на якіх знаходзіцца 121 станцыя. Чакаецца, што да 2030 года агульная працягласць павялічыцца да 360 кіламетраў. Гэта ў 10 разоў больш, чым зараз у Мінску!

Дзеля справядлівасці адзначым, што і сам Сінгапур недзе ўдвая большы па памерах, чым беларуская сталіца.

Валенсія (Іспанія)

Дата адкрыцця — 1988 год.

Метро ў трэцім па велічыні горадзе Іспаніі з’явілася на 4 гады пазней, чым у Мінску. Па насельніцтве Валенсія параўнальная з Мінскам: там пражывае каля 1,6 млн чалавек, але транспартная інфраструктура куды больш развітая. Metrovalencia мае ўжо 9 ліній са 137 станцыямі і агульную даўжыню 156,4 км.

Праўда, большая частка станцый валенсійскага метро наземнага тыпу, што часткова тлумачыць высокую хуткасць будаўніцтва новых станцый. Тым не менш факт застаецца фактам: валенсійскія будаўнікі метро працуюць хутчэй за сваіх беларускіх калег.

Більбаа (Іспанія)

Дата адкрыцця — 1995 год.

І зноў іспанскія будаўнікі паказалі свой высокі клас. Метро ў горадзе Більбаа, які з’яўляецца сталіцай Краіны Баскаў, з’явілася толькі ў 1995 годзе, але там ужо ёсць тры лініі (48 станцый) агульнай працягласцю 43,28 км. І гэта пры тым, што Більбаа — маленькі горад з плошчай усяго толькі 40 квадратных кіламетраў (менш за Наваполацк) і насельніцтвам 345 тысяч чалавек.

Зараз у стадыі праектавання і будаўніцтва знаходзяцца чацвёртая і пятая лініі.

Тайбэй (Тайвань)

Дата адкрыцця — 1996 год.

Тайбэй, які з’яўляецца сталіцай Тайваня (альбо так званай «Кітайскай рэспублікі»), — параўнальны з Мінскам па маштабе горад з насельніцтвам 2,7 мільёна чалавек і агульнай плошчай 272 квадратныя кіламетры. І метро там з’явілася даволі позна — толькі ў 1996 годзе. Але тэмпы яго будаўніцтва ўражваюць! На дадзены момант там ужо пабудавана 5 ліній агульнай працягласцю 131,1 км і 117 станцый. Зараз вядзецца будаўніцтва яшчэ шасці ліній, а ў працэсе праектавання яшчэ восем ліній. Магчыма, менавіта так магла б выглядаць мапа мінскага метро, калі б яго будавалі гэтак жа хутка, як на Тайвані.

Сафія (Балгарыя)

Дата адкрыцця — 1998 год.

Балгарыя — самая бедная краіна ў Еўрасаюзе. Але гэты факт не перашкодзіў краіне пабудаваць у сталіцы метро хуткімі тэмпамі. Сафійскае метро хаця і з’явілася на 15 гадоў пазней, чым у Мінску, яно ўжо перагнала метро беларускай сталіцы па працягласці ліній і колькасці станцый. Метро Сафіі мае 35 станцый на 2 лініях агульнай працягласцю 40 кіламетраў. Але на гэтым балгарскія будаўнікі метро не збіраюцца спыняцца. Ужо ў 2019 годзе будзе дабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю трэцяя лінія. У сваю чаргу жыхары Мінска пабачаць першую частку трэцяй лініі не раней за канец 2020 года.

Крыўдна за родную сталіцу, асабліва з улікам таго, што Сафія меншая па колькасці насельніцтва — там жыве 1,3 мільёна чалавек.

Гаасюн (Тайвань)

Дата адкрыцця — 2008 год.

Гаасюн, які з’яўляецца другім па велічыні горадам на Тайвані, па плошчы і колькасці насельніцтва мала адрозніваецца ад Мінска. Гэты горад пачаў будаваць свой метрапалітэн толькі ў 2001 годзе, а першыя станцыі з’явіліся ў 2008 годзе. Зараз Гаасюн мае ўжо 3 лініі метро даўжынёй 47,3 кіламетра і 45 станцый. Трэцяя лінія з’яўляецца кальцавой, і ў найбліжэйшыя некалькі гадоў там павінны з’явіцца яшчэ 14 новых станцый. Яшчэ 6 ліній знаходзіцца ў стадыі праектавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?