Пару месяцаў таму Святлана Алексіевіч запрасіла ў інтэлектуальны клуб Бялкоўскага. На сустрэчы з ім я ўпершыню выразна ўбачыў, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Расіі нібы аддзеленыя ад нас у Беларусі празрыстай сцяной. Пра што яму і сказаў. Што яны кажуць і з чым згаджаюцца ўжо ніяк не адпавядае таму, што важна для нас у Беларусі. І гэта выклікае не толькі здзіўленне, але і боязь. Разумееце, выходзіць, што для Беларусі расейская ўлада безальтэрнатыўная, бо нават альтэрнатыва не спяшаецца прызнаваць нас як самастойных, і культурна, і палітычна.

Чарговае пацвярджэнне — дэбаты паміж Навальным і Гіркіным. Падчас паўтарагадзіннай размовы яны некалькі разоў закраналі тэмы межаў Расіі і рускага народа, які абодва аднолькава называлі «падзеленым». Гаворка ідзе не пра рускіх, якія пражываюць за мяжой, а якраз пра нас, беларусаў. Маўляў, мы беларусы, украінцы і ёсць гэты рускі народ, які Захад падзяліў, як у свой час немцаў. Чуць такое ад Гіркіна брыдка, але зразумела. А вось што страшна, дык гэта бачыць, як адзіны канкурэнт Пуціну сёння Аляксей Навальны з гэтым згаджаецца. І адзіным довадам не пачынаць ваенную кампанію супраць Беларусі проста зараз ён называе беднасць Расіі. Гэта значыць, калі б цяпер Расія была на ўздыме, то можна?

Аляксей мог спакойна сказаць, што беларусы — асобны народ са сваёй дзяржавай, блізкі Расіі, але самастойны. Не сказаў.

І гэта вяртае нас да вельмі важнага разумення. Для беларусаў на дадзеным этапе ў расейскай улады няма альтэрнатывы. Пуцін, Навальны і любы іншы, да таго часу, пакуль яны жывуць хімерамі накшталт «адзін народ — тры краіны», нясуць нам патэнцыйную небяспеку. Раптам яны вырашаць, што дзяржава павінна быць адна?!

З усяго гэтага ёсць тры галоўныя высновы.

Па-першае, падтрымка ўсяго, што вядзе да асэнсавання беларусамі саміх сябе як самастойнага народа. БРСМ у вышыванцы — добра, галоўрэд Саўбеліі займаецца Курапатамі — выдатна, Міністр замежных спраў выступае на з'ездзе беларусаў свету — так і трэба. Не хапае толькі хуткасці. Дні пісьменства — у кожным раёне, дні вышыванкі — у кожным сельскім доме культуры і гэтак далей. Шлях яшчэ доўгі. У гэтым грамадзянская супольнасць можа быць партнёрам для ўлады, прадстаўляючы новыя ідэі і забяспечваючы іх валанцёрамі.

Па-другое, у афіцыйных перамовах, на ТБ і нават у кулуарах чыноўнікам і палітыкам, журналістам варта перастаць спекуляваць на тэме братэрства. Весці перамовы з пазіцый партнёраў. Таму што менавіта абгрунтаванне братэрствам, а не інтарэсамі цэн на энергарэсурсы доступ на рынак і любых пунктаў супрацоўніцтва умацоўвае ў расійскай эліце упэўненасць, што мы ж адзін народ. Мы розныя народы, блізкія культурна і гістарычна. Мы партнёры, роўныя партнёры, са сваімі інтарэсамі, часам гэтыя інтарэсы супадаюць, а часам адрозніваюцца. Мы суседзі, таму для нас вельмі важна мець добрасуседскія адносіны, мір і супрацоўніцтва.

Па-трэцяе, нам трэба больш працаваць з рускімі. Выступаць на ўсіх магчымых пляцоўках. Тлумачыць ім, казаць, даказваць. Дамагчыся, каб хаця б тым, хто выступае з пазіцыі дэмакратычнай альтэрнатывы, было сорамна не прызнаць за Беларуссю права на сваю дзяржаву. І тады Аляксей Навальны зможа сказаць у твар Гіркіну перафразіраванымі словамі Пялевіна: «Змова супраць рускіх існуе. Але праўда ў тым, што ў ёй удзельнічае ўсё дарослае насельніцтва Расіі. Дык давайце разбяромся з гэтым, а беларусам дамо іх права жыць у сваёй краіне так, як яны пажадаюць». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?