Фартуна — цётка сьляпая,
зь ёй важна ня быць дубінай…
Раптам дарогу мужык заступае.
Рукі трымае за сьпінай.

Фікса. Фінгал. Татуха.
Сіні ўвесь, як тапелец.
Шнар ад вуха да вуха.
Пытае: «ТЫ ЕВРОПЕЕЦ?»

Справа ідзе да ночы.
Дзядзька глядзіць у вочы.

Стаю, разгублены ўшчэнт.
Што там за сьпінай — прэнт?
Фінка? Букецік кветак?
Сьвятое Пісьмо для дзетак?

Ляпнеш ня тое — і нож,
схібіш у стылі — і куля.
Сказаць яму: «Анягож!»
ці ўсё-такі лепш: «А хулі!»?

А ён глядзіць на мяне:
дык эўрапеец ці не?

Я здуру кажу такое:
«Дзядзька, пакінь у спакоі!»

А ён уздыхае цяжка,
на вуснах нямы папрок.
Рукамі разьвёў незнарок:
у правай — гарэлкі пляшка,
у левай руцэ — агурок.

Пахітаў галавой:
«Я ж думаў, ты свой…»

Сыходзіць сумна і горда,
абраза і смага пячэ.
Жыхар эўрапейскага горада,
шукае дваіх яшчэ.

Пружаны, 23 ліпеня 2017

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?