Амерыканскі генерал Джозэф Данфард лічыць неймаверным не канфлікт з КНДР, а сітуацыю, у якой Вашынгтон дазволіць Пхеньяну нанесці ядзерны ўдар па тэрыторыі ЗША.

ЗША не павінны выключаць магчымасць узброенага канфлікту з КНДР, ядзерная праграма якой становіцца галоўнай непасрэднай пагрозай для Амерыкі. Пра гэта ў суботу, 22 ліпеня, заявіў генерал Джозэф Данфард на форуме па бяспецы ў Аспен у штаце Каларада.

Пры гэтым ён падкрэсліў важнасць эканамічнага і дыпламатычнага ціску на рэжым у Пхеньяне з тым, каб прымусіць яго адмовіцца ад стварэння ядзернай зброі. І ўсё ж узброеная канфрантацыя ЗША з Паўночнай Карэяй не з'яўляецца «неймавернай», як пра гэта кажуць многія людзі», сказаў Данфард, які займае пасаду старшыні Камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл ЗША.

Па словах генерала, для яго «неймаверным з'яўляецца дапусціць, каб паўночнакарэйскія ядзерныя ракеты ўдарылі па» тэрыторыі ЗША. Таму сваёй задачай Данфард бачыць «выкарыстанне ваенных мер, каб не дапусціць гэтага». Кажучы аб магчымым ваенным канфлікце на Карэйскім паўвостраве, амерыканскі генерал прызнаў, што ён будзе «жахлівым і прывядзе да ахвяраў, якіх не ведаюць людзі, якія выраслі пасля Другой сусветнай вайны».

Паўночная Карэя ў мінулым годзе правяла 16 ракетных тэстаў і два выпрабаванні ядзернай зброі, заўважыў Данфард. Паводле яго слоў, гэтая краіна прасоўваецца да стварэння міжкантынентальнай ядзернай ракеты, здольнай несці ядзерную боегалоўку, якая зможа дасягнуць тэрыторыі ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?