Усё здарылася на фоне ператамлення. Так памочнік кіраўніка Дзяржпагранслужбы Украіны патлумачыў страту прытомнасці свайго кіраўніка Віктара Назаранкі. Нагадаем, чыноўнік страціў прытомнасць падчас прамовы Аляксандра Лукашэнкі па выніках перамоваў з Пятром Парашэнкам.

Адразу пасля здарэння Віктара Назаранку адвезлі ў рэанімацыю, дзе ён правёў усе выходныя. Цяпер чыноўніка перавялі ў звычайную палату.

— Стан здароўя здавальняючы, усе жыццёвыя паказчыкі ў норме. Але Віктар Назаранка па-ранейшаму застаецца на бальнічным і знаходзіцца ў шпіталі пад наглядам лекараў, — распавёў tut.by Алег Слабодзян.

Калегі чыноўнікі ўдакладнілі, што кіраўнік ужо тры гады не быў у адпачынку і ў апошні час з-за высокага ціску быў на мяжы гіпертанічнага крызісу.

Кіраўніку Дзяржпагранслужбы стала кепска ў часе сумеснай заявы прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. Аляксандр Лукашэнка нават перапыніў сваю прамову і папрасіў даць чыноўніку крэсла. Але ў гэты момант Віктар Назаранка страціў прытомнасць. Супрацоўнікі аховы вынеслі яго з залы.

— Вось і насычаныя перамовы. Не трэба перасільваць членаў урада,- - пракаментаваў тады сітуацыю Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0