Прагрэс урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны, магчыма, быў бы больш значным, калі б адбылася сустрэча «нармандскай чацвёркі» і былі б удасканалены мінскія дамоўленасці. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у час афіцыйнага візіту ў Славенію, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

«Я абсалютна згодны з маім калегам (міністрам замежных спраў Славеніі Карлам Эр'яўцам). У нашым разуменні, на жаль, перспектыва ўрэгулявання крызісу на ўсходзе Украіны ў бліжэйшым будучым адсутнічае. Для таго каб гэта адбылося, для таго, каб ўсталяваліся мір і спакой у гэтым рэгіёне, трэба, каб усе бакі беспярэчна выконвалі мінскія дамоўленасці. Сёння гэтага няма. Калі мы бачым, што гэтага няма, значыць, магчыма, трэба падумаць аб арганізацыі яшчэ адной сустрэчы, можа быць, у тым жа самым «нармандскім фармаце», а, можа быць, з прыцягненнем іншых ігракоў, якая дала б магчымасць удасканаліць гэтыя дамоўленасці, якія былі заключаны ў 2015 годзе, і вызначыць дакладны механізм кантролю за выкананнем гэтых дамоўленасцей. І тады, магчыма, гэты прагрэс урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны быў бы больш значным», — сказаў Уладзімір Макей.

Ён паўтарыў, што размова ішла аб сустрэчы ў «нармандскім фармаце», магчыма, з удзелам нейкіх дадатковых ігракоў. «Не аб сустрэчы паміж Расіяй, Украінай і Беларуссю», — падкрэсліў міністр.

Уладзімір Макей дадаў, што Аляксандр Лукашэнка некалькі дзён таму наведаў Украіну з афіцыйным візітам і абмяркоўваў у тым ліку гэтыя пытанні з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. «Беларусь зацікаўлена ў тым, каб крызіс у нашай суседняй краіне, паўднёвай суседцы, як мага хутчэй спыніўся», — заявіў Уладзімір Макей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0