У Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры працягваецца даследаванне галерэй, адкрытых падчас археалагічных і рэстаўрацыйных работ у Полацку. Яны былі прыбудаваныя да Спаса-Праабражэнскай царквы манастыра. На думку старшага навуковага супрацоўніка расійскага Дзяржаўнага Эрмітажа Яўгена Торшына, галерэі маглі прызначацца для пахаванняў і здзяйснення памінальных службаў.

Знаходка галерэй змяняе ўяўленне пра тое, як выглядаў храм 800 гадоў таму.

Знаходка галерэй змяняе ўяўленне пра тое, як выглядаў храм 800 гадоў таму.

Фрэска ХІІ стагоддзя.

Фрэска ХІІ стагоддзя.

Пад сценамі археолагі знайшлі пахаванні розных стагоддзяў.

Пад сценамі археолагі знайшлі пахаванні розных стагоддзяў.

Пра тое, што побач з падмуркам Спаскага храма знаходзіліся галерэі, стала вядома падчас навуковай экспедыцыі, арганізаванай некалькі гадоў таму Полацкім дзяржаўным універсітэтам сумесна з расійскім Эрмітажам.

Спаса-Праабражэнская царква — гэта адзіны помнік гісторыі і культуры Полацкай зямлі канца X — першай трэці XIII стагоддзя, які ў поўным аб'ёме дайшоў да нашых дзён. Гэта самая старажытная пабудова на тэрыторыі манастыра. У царкве знаходзяцца дзве цесныя крыжападобныя келлі. У адной з іх (паўднёва-заходняй) жыла прападобная Еўфрасіння.

— Унікальнасць Спаскага храма ў тым, што ён захаваўся да нашых дзён амаль цалкам. На працягу гісторыі гэты будынак не рэстаўраваўся. Сёння тут праходзіць навуковая рэстаўрацыя, якая павінна даць уяўленне аб тым, як храм выглядаў першапачаткова і дапамагчы ацаніць стан пабудовы на сённяшні дзень, — паведаміў Яўген Торшын.

Навуковая рэстаўрацыя пачалася з раскопак каля сцен Спаскага храма для таго, каб высветліць як зроблены падмурак, а таксама ацаніць, у якім стане ён знаходзіцца. У выніку археалагічных работ ўдалося зрабіць унікальнае адкрыццё — знайсці сцены разбураных галерэй.

Галерэі былі пашыраныя ў ХІІ стагоддзі, шмат храмаў на тэрыторыі Русі былі імі акружаныя. Галерэі служылі для пахавання і там жа знаходзіліся невялікія прыдзелы, дзе маглі здзяйсняцца пахавальныя службы.

Па словах Торшына, гэтае адкрыццё змяніла ўяўленне пра тое, як выглядаў Спаскі храм.

— Будынак храма лічылі вытанчанай царквой, выцягнутай ўверх. Знаходка галерэі змяніла ўяўленне пра сілуэт гэтага храма, ён стаў больш урачыстым, манументальным, — сказаў ён.

Таксама падчас работ зробленыя яшчэ некалькі важных археалагічных адкрыццяў. Напрыклад, даследуючы акно ў келлі Еўфрасінні Полацкай, рэстаўратары выявілі, што гэта былі дзверы на другім паверсе. Але куды вялі гэтыя дзверы? Магчыма, у галерэю, сляды якой выявіў Яўген Торшын. Значыць, галерэя была двухпавярховай? У гэтым трэба разабрацца археолагам.

Нягледзячы на раскопкі і рэстаўрацыйныя работы, цалкам высветліць, як выглядалі гэтыя галерэі, немагчыма.

Рэстаўрацыйныя працы будуць працягвацца. Выяўленыя алтарная апсіда прыдзельнага храма, пахаванні розных стагоддзяў.

— Запланавана раскрыццё ніжніх частак сцен па ўсім перыметры будынка, таму што паўсюль яны судакранаюцца з грунтам і адбываецца ўвільгатненне мура. Нашы работы будуць працягвацца і суправаджацца будаўніча-рэстаўрацыйнымі мерапрыемствамі, — сказаў Яўген Торшын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?