На дзённую форму навучання на бюджэт у ВНУ Беларусі засталіся вакантнымі сем месцаў, піша БелТА. Яшчэ 16 бясплатных месцаў пустуюць на завочку.

Паводле Міністэрства адукацыі, дадатковы набор будзе арганізаваны ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова. Тут вакантнымі застаюцца шэсць месцаў па спецыяльнасці «фізіка і інфарматыка» з дзённай формай навучання. А таксама адно — на завочку. Спецыяльнасць — «гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны». Дарэчы, гэта ВНУ - альма-матэр Аляксандра Лукашэнкі. Ён вывучаў тут гісторыю і грамадазнаўства.

Яшчэ адно свабоднае месца на дзённым на бюджэце чакае студэнта ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Спецыяльнасць — «спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская праца па парусным спорце)». На завочку па шэрагу спецыяльнасцяў ў ВНУ будзе абвешчаны дадатковы набор на 7 бюджэтных месцаў.

Полацкі дзяржаўны універсітэт абвесціць данабор на тры месцы на завочнае навучанне па спецыяльнасцях «аўтасэрвіс», «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», «сацыяльныя камунікацыі».

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту мае пяць бюджэтных месцаў на завочным аддзяленні па спецыяльнасцях «арганізацыя перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце» і «прамысловае і цывільнае будаўніцтва».

Падаць дакументы, каб удзельнічаць у конкурсе данабору на бюджэт, можна ад 30 ліпеня да 1 жніўня. Залічэнне пройдзе да 3 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0