Беларусь залівае — Францыя гарыць. З-за моцных пажараў на поўдні Францыі за адну ноч эвакуіравалі 10 тысяч чалавек, паведаміла Бі-бі-сі.
Пажарныя гасяць агонь ў муніцыпалітэце Борм-ле-Мімоза ў французскім рэгіёне Праванс-Альпы-Блакітнае ўзбярэжжа.
Раней Францыя звярнулася да сваіх суседзяў у ЕС з просьбай дапамагчы гасіць пажары.
На ўзбярэжжы Міжземнага мора і на востраве Корсіка выгарала каля 4 тысяч гектараў зямлі.
Як паведаміў супрацоўнік пажарнай аховы, людзей давялося эвакуіраваць з-за таго, што агонь ішоў далей.
«Гэта вобласць, якая ўдвая ці ўтрая павялічвае сваё насельніцтва летам», - дадаў чыноўнік.
Адзін з самых моцных пажараў гарыць каля папулярнага курорта Сен-Трапэ.
На востраве Корсіка эвакуіравалі сотні дамоў.
Полымя спрабуюць згасіць больш за 4000 ратавальнікаў і вайскоўцаў.
Паводле чыноўнікаў, па меншай меры 12 пажарных параненыя, 15 паліцэйскіх наглыталіся дыму.