Жыхар Растова-на-Доне (РФ) Антон Куранкоў, вядучы канала пра рыбалку на YouTube, тры дні таму здзівіў відэаролікам не рыбакоў, а расейцаў, якія чакаюць анлайн-пакупкі з-за мяжы, паведамляе сайт oborot.ru.
У чароце ля вады ён выявіў звалку вытрыбушаных пакетаў, адрасаваных жыхарам вобласці. Усе адпраўленні ўжо прайшлі мытню і размеркавальныя пункты «Пошты Расіі» і павінны былі адправіцца да атрымальнікаў. Куранкоў патэлефанаваў па ўказаных на пакетах кантактах і высветліў, што адрасаты так і не атрымалі свае пакупкі.
Пацярпелыя вырашылі напісаць калектыўную скаргу ў пракуратуру.
Відэа атрымала ўжо больш за 300 тыс. праглядаў і велізарны рэзананс.
У крадзяжы падазраюць супрацоўніка растоўскага магістральнага сартавальнага цэнтра, паведамляе «Інтэрфакс». Работнік пошты затрыманы паліцыяй і ўжо прызнаўся ў датычнасці да крадзяжоў.