Спевы па нябожчыках — традыцыйная частка пахавальнага абраду, якая яшчэ захавалася ў правінцыі, але паціху знікае. Звычайна спевакі — людзі пенсійнага ўзросту, маладыя сярод іх — рэдкасць. Пра пахавальныя спевы мы паразмаўлялі з апошнімі смаргонскімі захавальнікамі традыцыі.

Яніна Блажко, 94 гады

Цяпер няма такой моды, а раней часта пяялі. Як Юр’я, 23 кветня, тады ж лезем, каб дзе вышэй. На дрэвы, ці свірны былі з балькончыкамі — дык на балькон на гэты. Пяём звысока, вескай сабраўшыся. Чуем — там Паляні пяюць, там — Будзілкі, там — Хацілавічы. Я праваднічая заўсёды была — гэта значыць, за мной пяялі. Як ішлі вёскай на вяселле — такі закон быў — пяялі. Цяперака помню гэтыя песні як праз туман. І вясельныя, і па нябожчыках.

Павучок па небу йдзець,
Павучынне ў дом падзець,
Марыйка за стол ідзець,
Мамачцы да ног падзець:
«Мамачка родная,
Блаславі мне сцежачку,
Сцежачку мяцёную
Дзіцяці радзонаму,
Сцежачку таптаную
Дзіцяці каханаму».
А ў нядзельку раненька
Сонца з неба коціцца,
А мамачка родная
Ў Пана Бога просіцца:
«Ой, Божа-збавіцелю,
Пусці мяне на вяселле.
Я ў хатку не пайду,
Пад аконцам пастаю.
Пад аконцам пастаю,
На сіротку пагляжу,
Ці стройна прыбраная,
Ці шчыра благаслаўленая».
Убраная, як панётка,
Бласлаўлёная, як сіротка.

Мне было гадоў шаснасце, як начала па пахаронах пяяць. Не адна — з дзяўчатамі. Сястра мая Юзэфа была і Грышчыха. Дзе хто ідзе спяваць па нябожчыку — кажуць: «Прыдзіце памажыце», і мы ідзем у похараны. Так і прыладзіліся. Перш не плацілі, гэта после можа хто кофія баначку купіць і платок на галаву. Толькі кармілі.

Неяк было песеннікаў многа. Антося Шчэрбачава хадзіца пяяць, Франук Крыстынін, Юлісь Якубачкаў — мой бацька хрышчоны, Болюсь Мізулаў, Рэня, Антося, Амэльця Янчыкава, Сабіна Лявонава, Алёшчыха, Фалевіч дзядзька Юзюк — татаў брат.

І тата наш пяяў. Вясёлы быў чалавек: на Ганны ў Жодзішкі паедзе, вып’е, пакладзем яго на калёсы, і ён усю дарогу песні па нябожчыках галосіць. Ці сястры сына забілі дзецюком у Выгаленятах. Тата мувіў-мувіў, пяяў-пяяў па ім, а тады на канцы: «Нех бэндзе похвалёны Езус Хрыстус».

Надта добра, што цяпер водкі няма на пахаваннях. Бо нап’юцца — ракам выходзяць. Як хавалі Янушкевічыху, нейкая водка была «Алеся». Пяялі-пяялі — як наалесіліся, прыйшлі вечарам за стол, дык пяяў ужо Зыгмонцік — тады за Зыгмонцікам усе пяялі. Да адной павернецца — тая крычыць, да другой — крычыць. А назаўтра ня села ніводная — ахрыплі. Мы з Зыгмонцікам удваіх і дапяялі, бо я не піла.

Цяпер дык скора і хаваюць. Сусед учора памёр, а сёння паўдванаццатай і паправадзяць. А перш жа ж две начы начаваў нябожчык у хаце. Пяялі адзін вечар, цэлы другі дзень і назаўтра дзень. Я з ксёнжкі пяяла, а цяпер ужо новыя песні, павыпісываныя, і па-руску, і па-беларуску. Пяяла, пакуль магла. Не стала магчы — не пайшла. Тады Гэня стала хадзіць, мяне замяніла. Зараз ужо не будзе каму: гэтыя паўміраюць, а новых няма.

Размова Яніны Блажко з дачкой Тарэняй:

— Ну як там пяюць? Чуваць хоць троху?
— Чуваць. Галюня добра пяець.
— Кінулася б і ты там. Тожа ж голас нічога маеш.
— Можа, каб якія брындушкі. І тое — цяпер ужо няма хэнця пяяць.
— А Марыся ж Рагачова такая ж ахотніца. Пяець?
— Пяець. Кажуць: «Марыся, ты не так цягнеш». «Слухай, як хачу, так пяю». 

Чэслаў Курчэўскі, 58 год

Спяваю з 1991 года, у асноўным — адзін, але, бывае, з бабай Зосяй — ёй 89 гадоў, але спявае харашо. Многа пахаваў і не толькі на Смаргоншчыне. Ашмянскі, Воранаўскі, Астравецкі, Валожынскі, Маладзечанскі, нават у Мінску быў. Я, атрымліваецца, — чацьвёртае пакаленне па мацярынскай лініі, якое спявае. Музычнай адукацыі ў мяне няма, але маю харошы слух і голас — прыемны лірычны тэнар. Быў такі Ходаш Мікалай Іванавіч, ён вёў клуб, калі я працаваў у Суцькаве настаўнікам беларускай мовы, — тады і паставіў мне голас.

Цяпер добра, ёсць услугі рытуальныя ў Смаргонях — усё праз іх робіцца і спевакам рэклама ідзе. У Смаргонях іх аж пяць. Прыходзяць людзі па труну, вянкі: «А пеўчыя ў вас ёсць?» І ў касцёле на вахце мой тэлефон ляжыць.

Пачынаў спяваць па католіках, цяпер хаджу і па праваслаўных. Закону такога няма, каб па веравызнанню адпяваць. Але ў мяне ўсё афіцыяльна, ёсць разрашэнне. Ездзіў у Ліду да Гурыя, архіепіскапа праваслаўнага, дабіўся сустрэчы, маю дакумент.

Па праваслаўных спяваць складаней: трэба адчытаць вялікія мадлітвы, цэлую кніжку, 450 старонак, 20 кафізмаў. Я адчытваю нараспеў, прыгожа атрымліваецца. Кожную кафізму чытаю 45-50 хвілін. Звычайна забяруць у якіх 6 гадзін, дык 10 гадзін чытання — бывае, і не ляжаш. І цэлы дзень назаўтра. І песенькі праваслаўныя таксама ёсць. Але песенькі — пастолькі пасколькі. Бацюшкі найперш звяртаюць увагу, ці адчытаныя кафізмы. А тады ўжо можна і песенькі — да Святой Багародзіцы, да Нікалая Угодніка, да Ісуса Хрыста госпада нашага.

Песні падбіраеш вэдлуг таго, на якім пахаванні знаходзішся. Калі мама маладая памірае, то спяваем сіроцкія песні. Для дзяцей асаблівых песенек няма, але тады можна да Маткі Боскай, бо дзяця — бязгрэшнае, анёлак. Ёсць песні вельмі жалосныя — пра папу, пра маму, там такія словы — бяруць за душу. Калі дзеці бацькоў хаваюць — дык гэта так прынята. А калі ўжо бацькі дзяцей, ды маладых — і мы не каменныя, просім — пацярпіце. Бо камок у горла падступае і ўсе спевы закладае.

«Ах Божа, мой Божа, з высокага неба», спявае Чэслаў Курчэўскі

Я і сам чалавек гаротны, мама памярла маладой, я яшчэ студэнтам быў. Нікому не адмаўляю — спяваў і па нехрышчоных, і па нешлюбаваных, і па тых, што рукі на сябе наклалі. Але бываюць пеўчыя і не ідуць — пытаюцца, якая прычына смерці. Кажуць: «Па вісельніку ці па п’яніцу не будзем спяваць». Але я думаю так: касцёл імшу адпраўляе? Адпраўляе. Хай бог іх судзіць. І я ніколі нікому не адмовіў. Нават калі, бывае, людзі і сярод ночы з пасцелі падымуць — прыязджаюць здалёк — і за 60, і за 80 кілометраў. Бо і пеўчых ужо мала і, ведаеце, так паміраюць людзі — па-страшнаму. Асноўныя тры хваробы, я паназіраў, — інфаркты, інсульты, рак.

Алена Алянцэвіч, 79 год 

Сначала я на хор пайшла, мяне сам ксёндз выбраў. Як касцёл адкрылі, ксёндз кажа: «Хто мае голас, хадзіце ў хор». Трэба было песню спяяць, ён сам правяраў. Я пяяла «Сэрдэчна Матка, опекунка люду». Кажа: «Маеш добры голас» і запісаў. Як дзеўкай была, не знала, што спяваю, пакуль у касцеле не сказалі. Усе пяюць — і я пяю, а ці я панімала, што ў мяне слух? А цяпер паявіўся. Арганіст у касцеле зайграе — я ужо знаю якая песня будзе, ці дзе фальшыва — тожа чую.

«Salve Regina», спяваюць жанчыны са Смаргонскага раёна

Тады бабы з хора, што хадзілі пяяць па пакойніках, кажуць: «Людзей не хватае, нехта забалеў», — пазвалі мяне. Пайшла, папробавала, харашо палучылася — мяне ўзялі ў кампанію. Так мы утраіх і хадзілі — Ірына Гіль, Ядзя Дзевяцень і я. Я з іхных песеннікаў пяяла, сваіх не мела. У шэсць начыналі, у дванасце канчалі. Назаўтра ідзём на імшу на восем часоў, патом ідзём зноў пяяць.

Раней было так — хто сколькі дасць. Цяпер, чула, стаўка — 30 рублей на аднаго чалавека за ўсё. Нават у вёсцы ўжо бяруць. Няма каму пяяць, папаміралі спевакі, дзефіцыт.

Першыя разы дык плакала. Людзі плачуць — і я плачу, а патом прывыкла. Толькі па маладых плакала, па старых ужо не. Як што — дык валідол піла ці карвалол. На адных пахаронах палучыла гэту во трасуху. Маладая жэншчына, 40 гадоў, ну такая красівая!.. Балезнь у яе была — пяць дней сядзела ў кустах, каб смерць сабе зрабіць. Дзепрэсія. Дачка такая красівая, сын такі красівы, у кварціры такая красата, мужык усё: «Красавіца мая, красавіца…» Такая стройная, так я спужалася, так сплакалася, што стала трэсціся пасля таго.

Я прывучылася — мне і хацелася ўжо пяяць. Не тое, што хадзіць па похаранах — проста я пяяць любіла. І между людзьмі заўсягды, не сядзіш дома. То ў касцёл, то на кладбішча — всегда заняты. А то ляжыш адзін, самае страшнае — гэта ляжаць. І песні стала забывацца.

Альбіна Кляпацкая, 82 гады

Тата мой пяяў у Шутавічах. Збіраліся па 12 чалавек, спявалі і грошы не бралі. Я, як на хор стала хадзіць, пяяла разам са Стасяй і Аняй Кубліцкай. Кубліцкая ў ларку касцельным прадавала, памярла ўжо, мы і па ёй пяялі. Цяпер хор разляцеўся, і арганіст сышоў, і жонка яго.

Цяплом трошкі меней паміраюць, а зімой дык было шмат. Я пачці не пяю ўжо, здароўя няма. Хто ў Смаргоні пяе — дык гэта пан Чэслаў з Чапаева. Ён прайшоўшы Вільню-Трокі. Такі католік, што свет не знае! Граматны, як ксёндз.

Размова Альбіны Кляпацкай з Чэславам Кежунам: 

— Пан Чэслав, добры дзень! 
— … 
— Як здароўе? 
— … 
— У Сукневічах адпяяў? Мяне ж бралі, але я ў касцеле на восем была, не дазваніліся. 
— … 
— А Рэні чаму не пазванілі? 
— … 
— Ну, яе трудна злавіць, трудна. 
— … 
— А хто там, малады ці стары? 
— … 
— А божа ж мой мілы!.. 
— … 
— Але ж адпяяў жа ж. 
— … 
— Ну, дзякуй богу. 

Чэслаў Кежун, 89 год

Я мог даўно спяваць, яшчэ ў сябе на радзіме, на Астравеччыне. Засцянэк Воронка — я адтуль. Мой дзед па мамінай лініі, мама з сёстрамі — усе спявалі па нябожчыках. Але 40 год бухгалтарам, з іх 30 — галоўным. Нельзя было. Мог бы і дырэктарам стаць, але не хацеў у партыю ўступаць.

Я з першага класа ўдзельнічаў у пастаноўках. У 41-м годзе наша школа ў Астравецкім раёне заняла першае месца сярод хораў. У нашым рэпертуары былі польскія, беларускія, рускія, украінскія і нямецкія песні. Голас з маленства меў.

Быў такі случай, я спяваў на Вілейскай, утраіх мы былі. З Мінска прыехаў нейкі сваяк, бачна, знакаміты. Ён слухаў, як мы вечарам спявалі, потым слухаў нараніцу, потым — пасля пахавання, за абедам у «Спадары». Пад самы канец падыходзіць да мяне: «Сколько вам лет?» «85», — кажу. «Если б вам было 60, я позвал бы вас в свой ансамбль». І ўвогуле, дзе ні пайду — усюды хваляць. Ня ведаю — ці заслужана? То называюць Лешчанкам, то Кабзонам. Апошняе, што чуў, — «смаргонскі салавей». Але кто сам себе хвалі, нех го Пёрун спалі, як кажуць.

«Ostatni raz już żegnam dom rodzinny», спявае Чэслаў Кежун

Я тады якраз на пенсію выйшаў — мяне пазвала спяваць жэншчына з Камсамольскай, яна з мужам пела. Пачула мяне ў касцеле і пазвала. Свае песеннікі я перапісаў ад яе. Мы спявалі і ў праваслаўных, і ў каталікоў. Потым яе муж памёр, яна прыгласіла пець яшчэ аднаго мужчыну. Мне цяжкавата было па праваслаўных хадзіць, я папрасіў, каб мяне звалі толькі да каталікоў. Дык як вышла — той мужчына рабіў у сельхозхіміі. У яго распараджэнні былі два каня. Як пачнецца вясна — агароды. Дае каня — сам тады ужо не ў састаяніі рабіць. І зноў мне звоняць, прыходзіцца па праваслаўных спяваць.

Калі я выйшаў на пенсію у 87-м, то 13 год яшчэ працаваў ахоўнікам. Бывала, просяць паспяваць, а ў мяне дзяжурства. Тады я дамаўляюся з начальнікам, жонка ідзе за мяне працаваць, а я — на пахаванне. Калі не было з кім спяваць, яна са мной ішла, дапамагала.

Гэта былі застольныя часы. Па тры дні гулялі пахароны. Самагонку канамі выпівалі. Нават нам, спевакам, як сыходзім, — кусок кілбасы самаробнай і бутэльку самагонкі ў кішэню. У горадзе і грошы давалі. Тады ўжо была стаўка — за вечар і назаўтра — 15 рублёў.

У вёсках платы не было. Там, калі ў сям’і быў хто ўжо слабаваты, то трымалі на выпадак кабанчыка. Пад страхой ляжалі дошкі на труну. Калі чалавек паміраў — запрашалі двух мужчын яе збіваць. Габлюшкі пад бок аббівалі саматканым палатном. У падушачку клалі свянцоныя зёлкі. Пакуль зробяць труну, нябожчык ляжыць на доўгім зэдлі. Гэты зэдаль служыў усёй вёсцы. Чатырох мужчын клічуць капаць магілу. Спевакоў было не так, як цяпер, — а 6-8 чалавек. Вечарам у хаце ўся вёска. Кажды павінен сесці за стол, паесці і выпіць. Не сільна. Назаўтра, як пахаваюць, стол ужо настаяшчы. Радня, як раз’язджаецца, трэба з сабой даць бутэльку і закуску, каб назаўтра пахмяліцца. Тады ўжо глядзяць, калі кана ад малака вымытая на плоце вісіць, значыцца, нечага сюды ўжо заходзіць, бо няма чаго выпіць. Добра, цяпер няма такой моды. Але бывае прэдлагаюць, асобенна вечарам: «Ну па келішку ж можна, каб лепей спяваць». «Не, — кажу, — мне яна мешае».

За 30 год, я так падлічыў, недзе 600 чалавек адпяяў. Раней я ўлік не вёў, толькі чацвёрты год. Пахаванняў было менш, ды і занятак — пішаш, справай займаешся. Я б пачытаў — выпісваў газету «Друг пенсіянера» і часопіс «Я на пенсіі». Але там такі дробны шрыфт, што не змог чытаць.

Як мы начыналі толькі пець, было нас чатыры ці пяць мужчын і жэншчыны яшчэ. Выходзіла, можа, 25 пахаронаў ў год. У прошлым годзе я адспяваў 47. За сем месяцаў 11 пахарон спяваў адзін. Пачці кажды тыдзень пахароны, а гэта ж два рабочых дні трэба адспяваць. На 30 дней і гадавіну ўжо лягчэй, можна і аднаму. Бывае, толькі прыйдзеш у пяць часоў, ужо ў сем звоняць. Як быў маладзейшы, дык спраўляўся, цяпер цяжкавата.

Я так ксяндзу сказаў: «Каб я столькі ўчаствавал у пахаронах, сколькі вы, я б ужо цэлую Гродненскую дыяцэзію абслужыў бы». Я чатырнаццаць гадзін аддаю нябожчыку, а ксёндз? Мша святая 30-40 мінут. Вынесці труну з дома — 20 мінут. На кладбішчы — 15-20 мінут. Вот і ўвесь удзел. Я пяю з вечара да 11-ці. З раніцы мша, мяне забіраюць у касцёл, пасля мшы — зноў спевы дома, спяваем, пакуль не пахаваем і не адбудзем траурны абед.

Летась давялося трох вісельнікаў адпяваць. Праваслаўны бацюшка не моліцца за такіх. Тады звяртаюцца да ксяндза і ён адпраўляе мшу. Але дамоў ці на могілкі не ідзе. І спевакоў завуць нашых, мы па-польску тады спяваем. Я не адмаўляю ніколі, мы за іх не адказваем, яны самі за сябе там адкажуць. Па ўсіх пяю. Па бацьку і маці толькі не спяваў. А так — па сястры, па брату, па цёткам. Я ўжо прывык, смерці не баюся, нават сваёй — хоць сёння. Некаторыя на могілках баяцца, як чуць сцямнее, а мне нічога. Ці спаткаць каго з блізкіх памерлых. Я радаваўся б — пагаварылі б хоць.

Спяваю па кніжках і песенніках. Гэтым песеннікам гадоў 15, такі дробны тут почырк — толькі зрок порціць. Я так заўсёды пішу, з мяне ўсё жартавалі: «Чаму так дробна пішаш?» А я адказваў: «Я ж бугалтар, эканаміст — эканомлю паперу».

У нашай дыяцэзіі іздалі спецыяльную кнігу, 152 песні толькі па нябожчыках. І з Мосара кніжачку з песнямі погжэбовымі купіў, яшчэ ксёндз Юозас Булька-нябожчык выдаваў. Тут 22 пытанні з адказамі, калі хто не знае, як праводзіць пахаванне. Бывае ж, людзі нават не ведаюць, як рукі нябожчыку скласці. Я прыходжу і гляджу, ці правільна. Калі не — кажу памяняць. Бо калі трэба перажагнацца — не будзеш жа левай рукой, якая зверху ляжыць.

Яшчэ дадам некалькі маментаў. Па-першае, смаргонскія новыя могілкі начатыя не так, як трэба. Як іх начыналі, не было ні ксяндза, ні бацюшкі. Трэба хаваць людзей нагамі на ўсход, а ў нас наадварот. Калі Езус нарадзіўся, зорка з’явілася на ўсходзе і прывяла ўсіх да стаенкі — вось чаму. Ці як хаваюць мужа і жонку побач, жонка павінна быць па правую руку — як ішлі да шлюбу. Потым: не трэба на помніках пісаць імя па бацьку. Бог разбярэцца. Ці яшчэ смешна: пенсіянер сам купіў сабе памятнік перад смерцю, а там ужо пішуць: «Памёнтка од дзеці». І фатаграфій не трэба. У маёй жонкі Матка Боска Востабрамска, у мяне — Найсвентшэ сэрцэ пана Езуса. Быў бы гэта малады чалавек — тады яшчэ можна. А так — на каго там глядзець?

Хацеў бы, каб на маім пахаванні таксама спявалі, толькі ці будзе каму? Добра было б, каб Альбіна, але яна ў апошні час адмаўляецца. Нядаўна ледзь угаварыў паспяваць на Якуба Коласа. У Польшчы толькі на вёсцы яшчэ спяваюць, у горадзе ўжо не. Траурная музыка ўключаецца — і ўсё. Лічыцца, што спеў — гэта ў два разы большая малітва. У іншых раёнах ёсць людзі, якія запісваюць такія спевы на магнітафон ад пачатку і да канца. Потым можна ўключыць на любым пахаванні — няхай лепш так, чым проста музыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?