Вынікі навуковых даследаванняў красамоўна кажуць: ад таго, што есць дзіця, — праз гады і нават дзесяцігоддзі — залежыць яго здароўе. Педыятр і дзіцячы хірург Арцём Кабанаў распавёў пра самыя галоўныя негатыўныя наступствы дрэннага харчавання ў дзяцінстве.

Vida Press

1. Складанасці з адаптацыяй у дзіцячым садку

У сакавіку 2017 года амерыканскія навукоўцы прааналізавалі даныя аб 3700 сем'ях, у якіх дзеці атрымлівалі непаўнавартаснае харчаванне. Аказалася, што маляняты ва ўзросце да 5 гадоў, арганізм якіх недаатрымлівае неабходныя пажыўныя рэчывы, аказваюцца горш падрыхтаванымі да дзіцячага садка. У іх ніжэйшыя пазнавальныя здольнасці (памяць, увага, мысленне), яны адстаюць ад аднагодкаў у сацыяльна-эмацыйным развіцці.

Даследчыкі лічаць, што дзіцячым садам справа не абмяжоўваецца. У далейшым дзіця горш спраўляецца са школьнай праграмай і дамагаецца меншых поспехаў, стаўшы дарослым. Характар харчавання ў малодшым узросце — не адзіны фактар, які ўплывае на развіццё, але ён з'яўляецца адной з важных цаглінак у падмурку, які закладваецца на ўсё жыццё.

2. Дрэнная паспяховасць у школе

Непаўнавартаснае харчаванне дзіцяці ў школьным узросце прыводзіць да дрэннай паспяховасці, праблем з кантролем сваіх дзеянняў, няўважлівасці, схільнасці да агрэсіі, праблем у эмацыйнай сферы і ў адносінах з іншымі людзьмі. Даследаванні, праведзеныя сярод падлеткаў, паказваюць на сувязь паміж непаўнавартасным харчаваннем і падвышанай трывожнасцю, схільнасцю да дэпрэсіі, суіцыдальнымі схільнасцямі.

Пад словазлучэннем «дрэннае харчаванне» тут разумеецца недастатковае паступленне ў дзіцячы арганізм неабходных яму рэчываў. Бацькі купляюць для дзіцяці не максімальна здаровую і карысную ежу, а тую, якую можа дазволіць сабе сям'я. Маштабы праблемы вялікія — напрыклад, у ЗША з ёй сутыкаюцца 21% сем'яў, у якіх ёсць дзеці. 

3. Залішняя маса цела і атлусценне ў падлеткавым узросце

Паралельна з непаўнавартасным харчаваннем у сучасным грамадстве нарастае іншая праблема — эпідэмія залішняй масы цела і атлусцення. Шмат у чым гэта звязана з тым, што рацыён сучаснага чалавецтва змяніўся. Некалі яго аснову складалі гародніна, садавіна, збожжавыя. Сёння гэта — прадукты жывёльнага паходжання, паўфабрыкаты і фастфуд.

Навукоўцы з Універсітэта штата Місісіпі і Універсітэта штата Агаё правялі даследаванне, у якім узялі ўдзел 7500 падлеткаў ва ўзросце 12-18 гадоў. Аказалася, што дзеці ў сем'ях, дзе харчаваліся няякаснай, нездаровай ежай, былі больш схільныя да залішняй масы цела і атлусцення. У іх у 1,5 разы часцей прысутнічалі прыкметы найбольш небяспечнага для здароўя цэнтральнага атлусцення, калі пераважаюць адклады тлушчу на таліі, а не на сцёгнах.

Аднак дрэннай фігурай справа не абмяжуецца. Цэнтральнае атлусценне моцна павышае рызыку метабалічнага сіндрому — стану, які выяўляецца атлусценнем, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, парушэннем усіх відаў абмену рэчываў, зніжэннем адчувальнасці тканак да інсуліну і павышэннем узроўню цукру ў крыві (з часам гэта прыводзіць да цукровага дыябету II тыпу).

4. Праблемы з ціскам і сэрцам

Залішняя вага — адзін з фактараў рызыкі для развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі, хранічнага захворвання, звязанага з павышэннем артэрыяльнага ціску. Яно ў сваю чаргу можа справакаваць узнікненне ішэмічнай хваробы сэрца. Нярэдка падмурак для гэтых праблем закладваецца яшчэ ў дзяцінстве.

У 1986 годзе ў ЗША стартавала даследаванне: навукоўцы на працягу 27 гадоў адсочвалі вагу і артэрыяльны ціск 1117 дзяцей і падлеткаў. Аказалася, што залішняя маса цела ў дзяцінстве павышае рызыку развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі ўдвая, а атлусцення — у чатыры разы.

Кажучы пра артэрыяльную гіпертэнзію, варта ўзгадаць яшчэ адзін факт: вытокі атэрасклерозу часцяком ляжаць у дзіцячым і падлеткавым узросце. Хоць бляшкі ў артэрыях і даюць пра сябе ведаць адчувальнымі сімптомамі, як правіла, толькі пасля 40-50 гадоў. Нехта больш схільны да гэтага стану з-за спадчыннасці, але «няправільныя» гены заўсёды працуюць у звязку з вонкавымі фактарамі, у дадзеным выпадку — з нездаровай ежай.

5. Развіццё цукровага дыябету II тыпу

Існуе два тыпы цукровага дыябету. Першы развіваецца ў дзяцінстве і звязаны з парушэннем выпрацоўкі інсуліну падстраўнікавай залозай.

Цукровы дыябет другога тыпу — доля людзей старэйшага ўзросту. Ён узнікае з-за таго, што тканкі арганізма губляюць адчувальнасць да інсуліну. Пры першым тыпе ключавая роля належыць спадчыннасці і вірусным інфекцыям, пры другім — ладу жыцця.

У 2017 годзе англійскія навукоўцы правялі маштабнае даследаванне, у ходзе якога вывучылі медыцынскія запісы 369 362 дзяцей ва ўзросце ад 2 да 15 гадоў. У 1318 дзяцей быў дыягнаставаны цукровы дыябет I тыпу, у 654 — цукровы дыябет II тыпу. Прычым амаль палова — 308 дзяцей — якія пакутавалі на цукровы дыябетам II тыпу, мелі і атлусценне. Пры гэтым асаблівай сувязі паміж атлусценнем і дыябетам I тыпу не адзначалася.

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што атлусценне ў дзяцінстве павышае рызыку цукровага дыябету II тыпу ў чатыры разы. Пры гэтым іншае даследаванне, праведзенае ў 2015 годзе, паказала, што здаровая хатняя ежа дапамагае знізіць рызыку захворвання.

6. Тлушчавая хвароба печані з-за газіроўкі

Складана знайсці дзіця, якое не любіць салодкую газіроўку. Такія напоі ўтрымліваюць шкодныя для здароўя дададзеныя цукры, а менавіта — фруктозу. Між тым высокае спажыванне гэтага рэчыва павялічвае рызыку развіцця неалкогольнай тлушчавай хваробы печані. У тканках печані развіваецца запаленне, фіброз (замяшчэнне рубцовай тканкай), адкладаецца тлушч. З часам гэта пагражае цырозам і ракам.

Паводле ацэнак экспертаў, розныя паражэнні печані маюцца амаль у 10% дзяцей. А сярод тых, хто пакутуе на атлусценне, гэтая лічба нашмат вышэйшая — 38%. Даследаванні паказваюць, што асноўнай крыніцай фруктозы для сучасных дзяцей з'яўляюцца салодкія газаваныя напоі.

7. Звычкі, якія захоўваюцца на ўсё жыццё

Харчовыя звычкі закладваюцца з ранняга дзяцінства. Ці будзе дзіця, стаўшы дарослым, прытрымлівацца здаровага харчавання, або стане аддаваць перавагу нездаровай ежы, шмат у чым залежыць ад бацькоў.

Як паказала даследаванне, праведзенае ў 2014 годзе ў ЗША, дзеці, якіх у першы год жыцця часта паілі напоямі з цукрам, у далейшым ужывалі салодкае ў два разы часцей. Калі да года ў рацыёне маляняці часцей прысутнічалі садавіна і гародніна, у будучыні яно будзе іх есці нашмат больш ахвотна.

Калі верыць навукоўцам, сіла звычкі грае ў ладзе харчавання нашмат большую ролю, чым фінансавае становішча чалавека. Даследаванне, якое было праведзенае ў Англіі ў 2007 годзе, паказала, што бедныя і багатыя людзі часта сілкуюцца прыкладна аднолькава — так, як прывыклі з дзяцінства.

Нездаровае харчаванне — фактар рызыкі для многіх захворванняў. На шчасце, на яго можна паўплываць. Бацькі могуць прышчапіць дзіцяці правільныя харчовыя звычкі, і лепш пачынаць гэта рабіць з самага ранняга ўзросту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?