Фота з сацыяльных сетак
Беларускі джазмэн і ўдзельнік гурта «Крамбамбуля» Павел Аракелян вырашыў памяняць пашпарт. Здаў усе дакументы і праз месяц пайшоў яго, новенькі, забраць. Але замест пашпарта яму вярнулі дакументы, бо на фота ў пашпарце не мусіць быць… барады!
Прынамсі, так спачатку кажуць Паўлу ў паштартным аддзеле разлікова-касавага цэнтра Першамайскага раёна сталіцы.
«І, па запэўненнях пашпартысткі, бараду трэба галіць або разбіраць выпадак на ўзроўні горада, ГОРАДА!», - піша музыка ў Фэйсбуку.
Пакуль Павел разбіраецца з праблемай «на узроўні горада», Еўрарадыё спраўджвае інфармацыю ў іншых пашпартных службах сталіцы.
«Можна фатаграфавацца на пашпарт з барадой, няма ніякіх параметраў, - кажа супрацоўніца аддзела па грамадзянстве і міграцыі Ленінскага раёна Мінска. - Адзінае, калі з-за барады нельга цалкам ідэнтыфікаваць твар, то, вядома, трэба без яе. Але калі ўсё нармальна відаць, то няма праблемы».
Цяпер Павел Аракелян выглядае так, вось яго фота за 1 ліпеня:
Фота з сацыяльных сетак
Як бачым, барада ў Паўла акуратная, падстрыжаная і не перашкаджае яго пазнаць у натоўпе.
Праўда, у іншым аддзеле па грамадзянстве і міграцыі, Маскоўскім, нас запэўніваюць, што ёсць міжнародныя нормы таго, якім павінна быць фота чалавека - ніякай самадзейнасці!
«Памер фотаздымка мусіць быць чатыры на пяць, а ад падбароддзя да заканчэння апошняга валаска на галаве - 32-35 мм. Калі чалавек трапляе ў гэтыя параметры, то ўсё ў парадку. Калі не, то пашпарт яму не аддрукуюць», - адказвае супрацоўніца.
У выніку Павел Аракелян не вядзецца на ўгаворы пашпартысткі пагаліцца, але ўсё ж падстрыгае бараду і фоткаецца зноў, бо пашпарт патрэбны тэрмінова, а на прынцыповасць няма часу:
«Не ведаю, чаму, але за справу ўзяўся цэлы палкоўнік! Ён выдаў дакладнае патрабаванне да фота. Ад макушкі да падбароддзя мусіць быць 35 мм. Бо ў супрацоўнікаў праблема была ў тым, што лічыць падбароддзем - раённы аддзел меркаваў, што гэта само падбароддзе, а гарадскі - барада».
Вось так будзе выглядаць Павел Аракелян на новым пашпарце:
Фота прадстаўлена Паўлам
То бок, цяпер, згодна з «міжнароднымі нормамі», на пашпартным фота твар Пашы ад макушкі да заканчэння барады ўмяшчаецца ў 35 мм. Дагэтуль - у 40 мм.
Цікава, што да мужчын, якія на фотаздымку ў пашпарце яшчэ не паспелі адрасціць бараду, але ў рэальным жыцці яе носяць, часта ёсць прэтэнзіі памежнікаў. Маўляў, гэта не вы! У такім выпадку чаму твар мужчыны, паводле меркавання некаторых супрацоўнікаў пашпартных служб, мусіць быць цнатліва-чыстым на пашпартным фота, пытанне рытарычнае.