Піша Сяргей Дубавец.
Сапраўды, калі цэлы мегаполіс можна атруціць адным пацуком, тады якая розьніца, колькі намалацілі тон — сем мільёнаў ці восем. Калі грузіны ў Грузіі агрэсары, а бацька Пазьняка ў вайну быў паліцаем, тады якая розьніца, чым ілюстраваць грузінскую агрэсію ў Цхінвалі — фоткамі расейскіх бясчынстваў у Поці або дзесяць гадоў таму ў Грозным.

Галоўнае — пагнаць хвалю, бо ў патоку сьлезацечных калумбійскіх сэрыялаў і расейскага гламуру ніхто ня стане ўнікаць, хто рэальны злачынец, а хто праведнік. Наш тэлевізар ператварыўся ў Маякоўскага і, гледзячы на цябе шкляным вокам, з тупаватай упартасьцю распавядае аўдыторыі «что такое хорошо, а что такое плохо».

Праўда, час ад часу не‑не дый пакажацца на экране белая нітка, якой цыраванае тэлевізійнае шчасце. Гэтак цягам усёй Алімпіяды на канале «Лад» беларуска‑швейцарскі банк рэкламаваў свой крэдыт «За БЛАГОполучие». Ясна, што па‑расейску, але пры нашай усеагульнай непісьменнасьці, трасянкамоўнасьці і кашы ў галовах піяршчыкам з беларускага банку на беларускім канале варта было б улічваць, што «блага» па‑беларуску — плохо. Вось вам і ўвесь «шчасьлівы» крэдыт і ўся вартасць таго, пра што гоніць хвалю яшчык.

Зрэшты, не выключаю, што тут проста прыкол. Нейкая офісная галава вырашыла прыкалоцца з беларуска‑швейцарскага банку, а атрымалася ў выніку метафара, наш адказ Маякоўскаму.

Аднак чэмпіёнства ў тым алімпійскім рэкламным блоку я б аддаў іншаму слогану — без культурна‑моўнага акцэнту, але па сутнасці гэткаму самаму. Там загадкавы жаночы голас рэкламуе машыну «Таёта», прамаўляючы з прыдыханнем: «Когда слова бессильны». Цікава, колькі паважаная кампанія заплаціла за такія крэатыўныя «слова» прыкалісту‑прыдумшчыку, які нават звілінай ня стаў варушыць, а адразу ў ветлівай форме паслаў дарагую фірму разам з усёй тэлеаўдыторыяй у абстрактны сьвет эмоцый? І тым самым стварыў яшчэ адну метафару часу, якую можна паўтараць ня толькі ў любой іншай рэкламе, але і ў выпусках навін літаральна пасьля кожнага сюжэту. Бо што такое насамрэч словы? Галоўнае — хваля, накат, напор і бляск уваччу.

Паглядзіце, як сьвідруюць гледача позіркамі вядучыя БТ, выпускаючы сюжэт за сюжэтам, у якіх карэспандэнты, быццам цыркавыя пантэры, зрываюцца з ланцуга і ўзахлёб распавядаюць пра тое, што Віцебшчына, гэтая няўдалая і вечна адсталая Віцебшчына, нават гэтая Віцебшчына сёлета, чаго ніколі не бывала, намалоціць свой мільён!

Што столькі формы на БТ не было ніколі з моманту стварэньня — гэта дакладна. Форма дамінуе. «Когда слова бессильны».

Абнадзейвае ў гэтай сітуацыі, як заўсёды, не што іншае, а мудрасьць беларускага народа. Гэта я абсалютна без іроніі. Рэч вось у чым. Ясна, што пантэрызму і сьвідраваньню вачыма нашы тэлевізійшчыкі вучыліся не ў Бі‑Бі‑Сі і не ў ТВ Палонія, а ў дарагіх сваіх масквічоў. І на нейкі час, як гэта ўласьціва кожнаму пачаткоўцу‑пераймальніку, гіпертрафавалі іхны эмацыйны накат — аж да карыкатуры. Але, думаю, хутка да іх вернецца звыклая «агульная млявасьць» і яны пачнуць аціхаць. Бо гіпнатычная хваля з яшчыка ніяк не перацякае ў заяшчычнае жыцьцё. Парламент у нас сьпіць, міністры таксама нагадваюць патрывожаных у сьне Віня‑Пыхаў, апазіцыя даўно парабіла эўрапейскія фрызуры і выказваецца больш чым стрымана. Хіба прэзідэнт калі‑нікалі ўзбуджаецца на мікрафон. Але ён (прэзідэнт з мікрафонам) у нас такі адзін.

У Расеі на шкляное вока сёньня ўзбуджаецца ўся краіна — два кіраўнікі, два парламенты, ваеначальнік Нагавіцын і ўвесь калектыў гэтага вялікага паравознага дэпо. Словам, першаўзор рашуча абышоў нашых пераймальнікаў і гоніць неабдымна эмацыйную хвалю ў неабдымную расейскую прастору. Вяршыняй усяго гэтага некалі стане жанр абсурду, калі на экране будзе зьяўляцца карцінка з подпісам «хорошо» і карцінка з подпісам «плохо». «Хорошо» — «плохо», «хорошо» — «плохо»…

Усё гэта ўжо было ў ХХ стагоддзі і, нібыта, ужо й забылася. Тэатр абсурду даўно стаў класікай. А чым ён быў выкліканы да жыцьця? Далібог, даводзіцца паўтараць агульнавядомыя рэчы, аж нецікава. Але куды дзявацца, калі наш сьвет пагружаецца ў эмоцыі самым што ні ёсьць хрэстаматыйным чынам.

Дык вось, зноў і зноў згадваецца расповед жанчыны, якая на мітынгу слухала выступ Адольфа Гітлера. Гітлер то заціхаў, то распаляўся да чырвані, то зноў астываў. І разам з ім то аціхала, то награвалася шматтысячная аўдыторыя. Жанчына згадвала, што калі ён западаў у экстаз, разам з ім раўлі ў экстазе ўсе астатнія, і яна ў тым ліку. Так доўжылася гадзіны дзьве.

Калі яна, накрычаўшыся, вярталася з мітынгу дадому, ёй раптам стала сорамна за сябе. Ведаеце, чаму?

Яна паспрабавала ўспомніць, пра што ён гаварыў. А ў галаве было пуста.

Сяргей Дубавец, naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0