13 лютага 2018 года Дэйв Гаан, Марцін Гор і Эндзі Флетчар выступяць у Мінск-Арэне.

Менеджмент брытанскага гурта Depeche Mode выдаткаваў паўтара тыдня на пошукі магчымасці пераносу канцэрта.

Музыкі вернуцца ў Беларусь у рамках еўрапейскай часткі Global Spirit Tour і прадставяць новы альбом Spirit.

— Усе жывыя людзі, таму мы з разуменнем паставіліся да сітуацыі з Дэйвам, якая адбылася 17 ліпеня. Мы вельмі рады рашэнню менеджменту, які бачыў тысячы засмучаных беларусаў каля дзвярэй «Мінск-Арэны», і пасля доўгіх лагістычных разлікаў усё-ткі знайшоў магчымасць дадаць у графік Беларусь, — кажа дырэктар «Атам М» Андрэй Аляксееў.

Канцэрт культавага гурта ў Мінску, які меўся адбыцца 17 ліпеня, адмяніўся, бо яго вакаліст Дэйв Гаан трапіў у шпіталь з кішачнай інфекцыяй.

Global Spirit Tour стаў адным з самых паспяховых тураў за больш чым 30-гадовую гісторыю Depeche Mode. 33 канцэрты ў 20 краінах Еўропы першую частку турнэ наведалі больш за мільён прыхільнікаў.

— Мы з нецярпеннем чакаем вяртання ў Мінск і магчымасці сыграць для беларускіх фанатаў! — паведамляецца на афіцыйным сайце Depeche Mode.

Усе квіткі, набытыя на канцэрт 17 ліпеня, які адмяніўся, будуць сапраўдныя, паведамляюць арганізатары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0