У судзе Маскоўскага раёна Мінска працягваецца суд над 28-гадовым Андрэям Гаўрошам. Мужчыну, у якога ў навагоднюю ноч тры разы стрэліў міліцыянт, вінавацяць у супраціве міліцыі, яму пагражае да 5 гадоў турмы.

Андрэй Гаўрош.

Андрэй Гаўрош.

На першым пасяджэнні паказанні даў пацярпелы — 24-гадовы міліцыянт Руслан Салаўёў. Паводле яго версіі, у адказ на заўвагу Гаўрош пачаў бойку. Руслан заўважыў, што кабура расшпілілася, вырашыў, што ў яго хочуць адабраць пісталет і стрэліў у мужчыну.

Руслан Салаўёў.

Руслан Салаўёў.

28 ліпеня сваю версію распавёў абвінавачаны Андрэй Гаўрош.

Па яго словах, кампаніяй у яго кватэры, адзначалі Новы год, пілі гарэлку. Калі прыйшоў сусед і паскардзіўся на шум, Гаўрош кажа, што не канфліктаваў, вярнуўся ў кватэру і зрабіў музыку цішэй.

«Праз некаторы час пазванілі ў дамафон. Я адкрыў і выйшаў у «тамбур». Там быў супрацоўнік міліцыі. Ён прадставіўся, сказаў, што на мяне паступіла скарга ад суседзяў — шумна, - узгадаў Гаўрош. — Я сказаў, што ў нас шуму аніякага няма. Хто скардзіўся міліцыянт адмовіўся сказаць.

Затым я зрабіў крок да яго, левай рукой паказаў наверх — на суседзяў зверху — і палез па тэлефон.

У гэты момант міліцыянт ударыў мяне рукой па тулаву. Я пачаў падаць у тамбур, спрабаваў утрымацца на нагах і схапіўся за супрацоўніка міліцыі.

Затым, спыняючы агрэсію, я яго выштурхнуў з «тамбура». Мы аказаліся за парогам — ён каля ліфта, я на паўкрока за парогам».

Па словах абвінавачанага, міліцыянт не прапаноўваў яму праехаць у аддзяленне. А сам ён забраць пісталет не намагаўся, «увогуле яго не бачыў», запэўніў Гаўрош.

«Я зноў палез у кішэню па тэлефон. У гэты момант я пачуў хлапок. Што гэта было я не зразумеў. Далей цяжка сказаць: падкасіліся ногі, я пачаў падаць. Ляжаў ля ліфта. Міліцыянт быў на лесвіцы з выцягнутай рукой у кірунку маіх дзвярэй. Пасля я пачуў жаночы голас, які казаў, што трэба выклікаць хуткую… Далей не памятаю», - распавёў Андрэй Гаўрош.

Мужчына кажа, што выпіў менш за бутэльку гарэлкі. У крыві яго знайшлі 1,88 праміле алкаголю, але мужчына сцвярджае, што быў адэкватны.

Музыка грала не надта гучна, запэўніў Гаўрош. Ці спявалі песні, як казалі суседзі, — ён не памятае.

Цікава, што калі Андрэй Гаўрош пасля рэанімацыі ляжаў у шпіталі, прайшоў суд па адміністратыўнай справе за той шум на Новы год. Мужчыну прызналі вінаватым у парушэнні парадку. Далі штраф.

«350 рублёў, здаецца», — сказаў Гаўрош.

Пракурор спытала ў абвінавачанага, як ён ставіцца да пазова пацярпелага міліцыянта (той папрасіў спагнаць з Гаўроша 87 рублёў за пашкоджаную форму).

«Я гэтага не рабіў, - адказаў Андрэй Гаўрош. - Але аплаціць гатовы».

Нагадаем, канфлікт адбыўся 1 студзеня каля 7 раніцы. Сваякі Гаўроша не бачылі бойку, яны выскачылі з кватэры ўжо пасля стрэлаў. Па версіі міліцыі, праваахоўнік, якога выклікалі суседзі, папрасіў Андрэя зрабіць музыку ў кватэры цішэйшай, пасля чаго той кінуўся на яго. Міліцыянт стрэліў, каб спыніць п’янага мужчыну.

Пасля Андрэй трапіў у бальніцу. Па словах міліцыі, лячыўся і той супрацоўнік МУС, які страляў — у яго нібыта дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму.

Гаўроша пасля рэанімацыі адразу перавялі ў СІЗА. Далейшы яго лёс вырашыць суд.

Пасля здарэння МУС праводзіла праверку паводзінаў супрацоўніка, але парушэнняў не знайшлі. Гэта падкрэсліваў і міністр МУС Ігар Шуневіч, адзначыўшы, што маладому міліцыянту хіба «трохі не хапіла прафесіяналізму».

Дайшла гэтая гісторыя нават да Лукашэнкі. Ён таксама падтрымаў міліцыянта. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?