Ва Узбекістане арыштаваная Гульнара Карымава, дачка былога прэзідэнта краіны Іслама Карымава. Ёй выстаўленае абвінавачанне па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса - аб махлярстве, утойванні замежнай валюты, парушэнні мытнага заканадаўства, парушэнні правілаў гандлю або аказання паслуг, падробцы дакументаў і легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, паведамляе Генеральная пракуратура Узбекістана.

Ва ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Генеральнай пракуратуры Узбекістана адзначылі, што ў 2015 годзе Карымава была асуджаная на пяць гадоў абмежавання волі. Зараз працягваецца расследаванне другой крымінальнай справы, і ў дачыненні да яе абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Адзначаецца, што абвінавачанне дачцэ экс-прэзідэнта «выстаўлена на падставе сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў членаў арганізаванай злачыннай групы, сведак, пацярпелых, матэрыялаў праверак дзейнасці падкантрольных арганізаванай групе 14 фірмаў і 16 афшорных кампаній, канфіскаваных пісьмовых і рэчавых доказаў, заключэнняў экспертыз».

Агульная сума нанесенай інтарэсам дзяржавы і грамадзян шкоды па дзвюх названых крымінальных справах складае за 1 трлн 270 млрд 200 млн сумаў, 1 млрд 651,8 млн. далараў ЗША, 26,1 млн еўра.

Узбекскія ўлады таксама распавялі, што актывы арганізаванай злачыннай групы, куды, паводле іх сцвярджэння, уваходзіла Карымава, знойдзеныя на тэрыторыі 12 замежных краін - грошы і вілы ў Швейцарыі, рахункі ў Швецыі, дамы і рахункі ў Вялікабрытаніі, у Францыі - кватэры і замак «Шато дэ Грусэ», а таксама вілы і гэтак далей.

45-гадовая дачка прэзідэнта Гульнара Карымава ў 2010—2011 гадах займала пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Узбекістана ў Іспаніі, аднак пазней апынулася ў цэнтры карупцыйнага скандалу, звязанага з адмываннем грошай.

Пасля смерці бацькі, прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава, хадзілі чуткі пра смерць Гульнары Карымавай, але пазней з'явілася інфармацыя, што яна жывая і ўтрымліваецца пад строгім наглядам у Ташкенце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?