У наваколлі саудаўскай Мекі перахапілі ракету, выпушчаную з тэрыторыі Емена, перадае агенцтва Франс Прэс са спасылкай на камандаванне арабскай кааліцыі.

Балістычную ракету збілі за 69 кіламетраў на поўдзень ад святога для мусульманаў горада. Кааліцыя ўсклала адказнасць за абстрэл на шыіцкіх паўстанцаў-хусітаў, назваўшы яго «безнадзейнай спробай сарваць хадж». Арганізаванае паломніцтва ў Мекку ў гэтым годзе пачынаецца ў канцы жніўня.

Гэта ўжо не першая спроба абстрэлу тэрыторыі Саудаўскай Аравіі. Так, у маі СПА збілі выпушчаную хусітамі ракету за некалькі сотняў кіламетраў ад Эр-Рыяд.

У Емене ад 2014 года працягваецца ўзброены канфлікт, у якім з аднаго боку ўдзельнічаюць паўстанцы-хусіты з шыіцкага руху «Ансар Ала» і лаяльная экс-прэзідэнту Алі Абдалу Салеху частка арміі, а з другога — урадавыя войскі і апалчэнне, лаяльныя прэзідэнту Абд Рабу Мансуру Хадзі. Падтрымку з паветра і на зямлі ўладам аказвае арабская кааліцыя на чале з Саудаўскай Аравіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0