Беларускія спартсмены заваявалі пяць медалёў на чэмпіянаце Еўропы па кулявой стральбе ў Баку, паведамляе карэспандэнт БелТА.

Наш атлет Юрый Шчарбацэвіч апынуўся найлепшым у стральбе лежачы з малакалібернай вінтоўкі на дыстанцыі 50 м, таксама ён узняўся на найвышэйшую прыступку п'едэстала ў стральбе з трох палажэнняў на аналагічнай дыстанцыі.

Прадстаўнік беларускай зборнай Абдул-Азіз Курдзі, страляючы з пнеўматычнага пісталета на 10 м, заваяваў бронзавы медаль. Малады стралок атрымаў права ўзяць удзел у юнацкай Алімпіядзе-2018 у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна).

Па выніках каманднага першынства ў беларускіх спартсменаў у актыве дзве залатыя ўзнагароды. Сёння апошнімі з прадстаўнікоў Беларусі ў Баку выступяць Сафія Уліда і Любоў Стральчонак, якія будуць спаборнічаць у стральбе з пнеўматычнага пісталета на 10 м. Чэмпіянат Еўропы, у якім удзельнічаюць больш за 930 спартсменаў з 43 краін, завершыцца 4 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0