Апублікаваны на партале Мінгарвыканкама артыкул прымушае задумацца пра тое, што рабілі ўлады ўсе гэтыя 20 гадоў.

Артыкул «Куды сыходзіць дзяцінства» калумністкі дзяржаўнага партала «Мінск-навіны» Вікторыі Юдзіцкай, перапоўнены настальгіяй па нядаўнім савецкім мінулым, выклікаў хвалю крытыкі ў сацсетках. З паўтара дзясятка каментароў пад публікацыяй толькі некалькі можна лічыць умоўна нейтральнымі, у астатніх выпадках чытачы з аўтарам, мякка кажучы, не згаджаюцца. Артыкул Вікторыі Юдзіцкай пабудаваны на супрацьпастаўленні «шчаслівага савецкага дзяцінства» сучасным рэаліям.

Пачынаецца ўсё з успамінаў пра часы, калі «гранёныя шклянкі ў аўтаматах з газіроўкай не кралі», а «людзі не грэбавалі піць з іх». Калі дзеці марылі «працаваць не за вялікую зарплату, а для таго, каб стаць патрэбнымі», не «праседжвалі ўвесь час за камп'ютарнымі гульнямі», а «ганялі на роварах і лазілі па садах», «размаўлялі ўжывую, а не ў сацсетках».

Далей аўтар робіць высновы, якія нечакана наводзяць на крамольныя думкі.

- Што ж мы бачым сёння? Падлеткі адкрыта сядзяць з цыгарэтамі ў дварах, вядуць пустыя гутаркі, часам, каб здавацца дарослымі, выкарыстоўваюць лаянкавыя слоўцы і вульгарызмы… Жыццё ў сацсетках і камп'ютарных гульнях замяніла ім рэальнасць. Пры выбары прафесіі думаюць пра грошы, а не пра людзей, карысць, якую могуць прынесці грамадству. Мараць з'ехаць за мяжу, а не спрабаваць зрабіць жыццё лепш на радзіме. Саромеюцца мінулага свайго народа, альбо, наадварот, праяўляюць нездаровы «патрыятызм», замяшаны на нацыяналізме. Сучасная моладзь выдатна разбіраецца ў брэндавых шмотках і дарагіх аўто, але не можа адрозніць карнета ад кларнета, Эйнштэйна ад Эйзенштэйна. Пра пісьменнасць наогул прамаўчым, - піша калумністка «Мінск-навіны».

Далей ідзе агаворка пра тое, што няправільна будзе казаць так пра ўсіх падлеткаў. Маўляў, шмат у нас па-сапраўднаму прыстойных, дапытлівых, творчых маладых людзей, якіх, «на жаль, не так бачна за спінамі гэтага абязлічанага натоўпу, які павінен стаць нашай светлай будучыняй».

— Лічу, гэта сур'ёзная хвароба сучаснага грамадства, вылечыць якую здольныя толькі мы — дарослыя. Менавіта мы, бацькі, павінны дапамагчы дзецям вырасці духоўна, а не агароджвацца ад іх падачкамі ў выглядзе грошай і гаджэтаў. А ўсё таму, што мы «іншыя». Мы — тыя людзі, якія з пяшчотай успамінаюць часы «жорсткага таталітарнага саўка». Не пераконваюць нас запэўніванні «дэмакратаў» пра тое, як мы дрэнна жылі. Напэўна, усё ж такі закладзены ў нас гэты ген — ген савецкага дзіцяці. Ніякай сучаснасцю яго з нас не выбіць, — падводзіць вынік Вікторыя Юдзіцкая.

У чым жа тут крамола, пра якую згадвалася вышэй? Давайце разбірацца.

Слова пра абязлічаны натоўп, які саромеецца мінулага, які цікавяць толькі грошы, гаджэты, брэндавыя шмоткі і эміграцыя, гучыць як прысуд сённяшнім уладам.

Колькі ў нас было школьных рэформаў, а журналісту дзяржаўнага СМІ сорамна за пісьменнасць цяперашняга пакалення падлеткаў.

БРСМ быў створаны дваццаць гадоў таму. Ён штогод праядае сотні тысяч бюджэтных долараў, узгадняе дзяржвыдаткі. А моладзь пры гэтым працягвае кідацца паміж «сорамам за мінулае свайго народа і сумніўным патрыятызмам з прымешкай нацыяналізму». Выходзіць, будатрады, піянеры і год моладзі сышлі «у малако»? Суцэльнае самавыкрыццё. Так і хочацца спытаць аўтара ў духу згаданага ёй «жорсткага таталітарнага саўка»: на чый млын ваду льяце?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?