Вячаслаў Касінераў звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска з позвай аб абароне годнасці і кампенсацыі маральнай шкоды. Адказчыкамі заяўленыя «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» і вядучая яго тэлепраграммы «Нашыя навіны» Кацярына Тышкевіч, Міністэрства ўнутранных спраў і начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў, паведамляе spring96.org.

Нагодай стаў відэасюжэт «Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда», у якім, як лічыць Вячаслаў Касінераў, вядзецца гаворка пра яго. Бо менавіта ён накінуў на шыю паліцэйскаму-гарадавому пятлю, знаходзіўся ў СІЗА падчас выхаду праграмы і быў прызнаны палітычным зняволеным шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый.

У тэлесюжэце сітуацыю каментаваў начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў, які між іншым адзначыў:

«Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку.

І некаторыя, так званыя, праваабарончыя арганізацыі спрабуюць з яго зрабіць нейкую ахвяру. Якая ахвяра?! Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці. Ну, гэта ўжо неяк характарызуе, напэўна, вышэйпаказанага грамадзяніна».

Вячаслаў Касінераў лічыць, што сказанае Барсуковым А. не адпавядае рэчаіснасці, бо ў момант выхаду тэлеперадачы ён толькі аднойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

Вячаслаў Касінераў падкрэслівае, што выказванні тэлевядучай Кацярыны Тышкевіч і начальніка ГУУС, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, былі зробленыя публічна ў эфіры тэлеканала, чым нанеслі яму маральныя пакуты, якія выявіліся ў пачуцці глыбокай абразы і прыніжэння, а таксама дыскрэдытацыі ў вачах грамадства яго імя.

Ён просіць суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаць звесткі, што былі распаўсюджаныя ў тэлесюжэце, не адпаведнымі рэчаіснасці, абавязаць адказчыкаў — АНТ, МУС, Кацярыну Тышкевіч і Аляксандра Барсукова — выдаліць звесткі пра тое, што заяўнік «тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці», а таксама абвергнуць іх шляхам абвяшчэння ў праграме «Нашы навіны» на канале АНТ.

Акрамя таго, спагнаць на карысць Вячаслава Касінерава з адказчыкаў 3 000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Нагадаем, Вячаславу Касінераву было выстаўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Суд Маскоўскага раёна пакараў актывіста штрафам у пяць базавых велічынь. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0