Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі ў пачатку 2008 года 23% рэспандэнтаў у Беларусі выступалі супраць будаўніцтва ў краіне АЭС.

Пра гэта паведаміў начальнік аддзела Інфармацыйна‑аналітычнага цэнтра Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Казловіч 28 жніўня на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага інфармаванню насельніцтва аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі.

Ён паведаміў, што аналагічнае апытанне спецыялісты Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзілі і ў 2005 годзе. Тады супраць развіцця ядзернай энергетыкі ў Беларусі выступала 46,7% рэспандэнтаў.

«Яўна назіраецца станоўчая дынаміка», — зазначыў А.Казловіч. Гэта, на думку спецыяліста, звязана «са становішчам на сусветным энергетычным рынку і з павелічэннем аб’ёму інфармацыі, якую атрымлівае насельніцтва па гэтым пытанні».

На думку Казловіча, некаторыя грамадзяне выступаюць супраць будаўніцтва атамнай станцыі, «паколькі яны поўнасцю не інфармаваныя».

«Пры большай інфармаванасці радыефобія знікае», — патлумачыў ён. Як зазначыў спецыяліст, «некаторая частка выступае супраць будаўніцтва, паколькі баіцца страціць працу ў сувязі з закрыццём іншых крыніц энергіі».

Таксама, на думку А.Казловіча, «некаторыя людзі выступаюць супраць па палітычных матывах». Ён лічыць, што «напярэдадні выбараў у парламент узнікаюць палітычныя спекуляцыі па пытанні будаўніцтва АЭС».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0