Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня здзейсніў шэраг кадравых прызначэнняў. Сярод іншага, намеснікам міністра замежных справаў стаў Андрэй Дапкюнас, які раней прадстаўляў Беларусь у ААН. У Нью-Ёрк жа паехаў іншы намеснік Уладзіміра Макея Валянцін Рыбакоў.

Фота БелТА.

Фота БелТА.

Андрэй Дапкюнас быў, можна сказаць, дуаенам сярод беларускіх паслоў — ён найдаўжэй займаў сваю пасаду. Пры ААН ён працаваў ад 2004 года.

Дапкюнасу 54 гады, нарадзіўся ў Мінску, паходзіць з інтэлігентнай сям’і. Ягоны бацька — вядомы тэатральны дзеяч, працаваў у Міністэрстве культуры, Купалаўскім тэатры. Ягоная мама ўзначальвала музей Янкі Купалы.

У 2011-м дыпламата адклікалі з Нью-Ёрка (быў указ Лукашэнкі). На радзіме яго чакалі «гутаркі» ў Камітэце дзяржбяспекі — яго падазравалі ў сувязях з кандыдатам у прэзідэнты Саннікавым. Хадзіла гаворка, што на Дапкюнаса напісалі даносы супрацоўнікі прадстаўніцтва. Але дыпламат зняў з сябе падазрэнні, і яго вярнулі ў Нью-Ёрк.

Адметна, што пад началам Дапкюнаса ў ЗША працаваў сын міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. На дыпламатычнай службе Дапкюнас ад пачатку беларускай незалежнасці — ад 1992 года.

Цікавым з’яўляецца той факт, што Андрэй Дапкюнас з’яўляецца сваяком Янкі Купалы. Ягоная мама — Жанна Дапкюнас — з’яўляецца ўнучатай пляменніцай вялікаму паэту. Прабабуляй Андрэя Дапкюнаса была Леакадзія (Лёля) Раманоўская — родная сястра Янкі Купалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?