Анансаваная раней сустрэча Святланы Алексіевіч з гамельчукамі адбудзецца ў суботу, 12 жніўня, на вуліцы Палескай, 52.
«Паколькі я абяцала такую сустрэчу, то не магу зрабіць іначай. Пачуваю сябе няблага, гатовая да вандроўкі», — сказала Алексіевіч карэспандэнту Свабоды.
У ліпені прызначаная сустрэча не адбылася з прычыны нечаканай хваробы пісьменьніцы. Перад гэтым Алексіевіч знаходзілася на Капры, дзе была ўганараваная прэстыжнай міжнароднай прэміяй і запрошаная на кароткатэрміновы адпачынак. Перамена клімату выклікала запаленьне трайчастага нэрву, і заплянаваныя паездкі давялося адкласьці. Былі й клопаты, зьвязаныя з афармленьнем візы ў Вялікую Брытанію.
Сустрэчу зь землякамі ў Гомлі ладзяць грамадзка-палітычны цэнтар, рэгіянальныя філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Ахвотныя будуць мець магчымасьць глядзець онлайн-трансьляцыю на сайце Свабоды, а таксама ў сацыяльных сетках дзякуючы высілкам гомельскіх блогераў.