У Мінску стартаваў самавіты праект «#500год», прысвечаны 500-годдзю друку Бібліі Францыскам Скарынам. Удзельнікі праекта — група маладых энтузіястаў, якія ў вольны ад працы час вырашылі ўшанаваць памяць кнігадрукара.

Стваральнікаў праекта ўразіў інфармацыйны вакуум вакол гадавіны. Пакуль блогер Антон Матолька нагадваў чыноўнікам пра абяцанне перайменаваць нацыянальны аэрапорт у гонар Скарыны, Глеб Лабадзенка вымушаў сотні карыстальнікаў Facebook змяняць аватаркі на выявы сёлетняга юбіляра, а Эдуард Пальчыс заклікаў: «Няма свята? DIY!», стваральнікі «#500год» знялі прэтэндуючы на віруснасць ролік з афрыканцамі, які набраў ва Укантакце больш за 20.000 праглядаў, стварылі адмысловы сайт і плануюць яшчэ шэраг урачыстасцей.

«500 год» — гэта праект, прысвечаны дзвюм, не пабаюся гэтага слова, вялікім падзеям, якія вырашылі гісторыю XVI стагоддзя на нашых землях: выданню друкаванага нацыянальнага перакладу Бібліі Францішкам Скарынам і Рэфармацыі, распачатай Марцінам Лютэрам у Еўропе.

Натуральна, у такі год мы чакалі, што ў гонар нашага асветніка калі не назавуць нацыянальны аэрапорт, то самае меншае — зладзяць урачыстасці, вартыя сапраўднага нацыянальнага героя.

Калі мы зразумелі, што з цікавымі культурніцкімі праектамі неяк глуха, вырашылі — трэба ладзіць самім, бо наступная такая магчымасць будзе толькі праз 500 год!» — адзначыла адна з удзельніц «#500год» журналістка Алена Бальцава.

Алена Бальцава, фота з сацыяльных сетак

Алена Бальцава, фота з сацыяльных сетак

Стваральнікі праекта плануюць ужо ўвосень правесці святочны Quest (гарадское арыентаванне), Quizz (інтэлектуальную гульню), урачыстыя спартовыя мерапрыемствы, канцэрт, а таксама зладзіць фота- і відэапраект, прысвечаны Бібліі. Інфармацыю пра праект можна атрымаць на адмысловых старонках #500год «Укантакце», Facebook, Instagram, а таксама на сайце 500god.by.

«Мы натхняемся дзейнасцю Скарыны, які друкаваў Біблію. Увогуле, у Беларусі, на жаль, няшмат ведаюць пра гэтую кнігу, мабыць, як 500 год таму. Напрыклад, учора бачыў апытанку, дзе ў жыхароў Мінска пыталіся, ці чыталі яны Біблію. Не знайшлося ніводнага чалавека, які змог распавесці, пра што ў ёй ідзе гаворка. Нават у матэрыялах якасных беларускіх выданняў аўтары выдаюць цытаты з Бібліі, якія Скарына выкарыстоўвае ў сваіх прадмовах, за яго ўласныя афарызмы… Мы, як вернікі, упэўненыя ў тым, што Біблія — гэта сапраўды Слова Божае, але не трэба забываць, што гэта яшчэ і частка агульнаеўрапейскай культуры. І не ведаць пра яе нічога ўвогуле для адукаванага чалавека павінна быць сорамна. Гэтая прабелы асветы мы хочам запоўніць», — падсумаваў фатограф Андрэй Новікаў.

Андрэй Новікаў, фота з фэйсбука

Андрэй Новікаў, фота з фэйсбука

У найбліжэйшы час стваральнікі праекта абяцаюць дзяліцца ўнікальным кантэнтам з удзелам скарыназнаўцаў, гісторыкаў, біблеістаў, перакладчыкаў і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?