Белавежскі ўніверсітэт кібернетыкі і экалогіі з трыма асноўнымі факультэтамі (камп’ютарныя навукі і інфармацыйныя тэхналогіі, біялогія і экалогія, этналогія і прыкладное мастацтва) з беларускай мовай выкладання можа з’явіцца ў Гайнаўцы, каля Белавежскай пушчы. Навошта ён патрэбны і як збіраюцца рэалізоўваць такую смелую ідэю — у гутарцы з «НН» расказалі аўтары ідэі ўніверсітэта-мары.
«У Беларусі сёння ты — гаспадар, а заўтра ў цябе ўсё могуць адабраць»
Падобная ідэя прыходзіла ў галаву шмат якім беларусам. Аднойчы наведала яна і сям’ю навукоўцаў Таццяны Тоўсцік і Змітра Канаплянікава. Спачатку яны спрабавалі развіваць беларускамоўную адукацыю ў Беларусі: зладзілі дыстанцыйна-завочнае навучанне студэнтаў і вольныя лекцыі навукоўцаў з БДУ ў межах Інстытута матэматыкі і кібернэтыкі. Тры гады, выключна на беларускай мове, там праходзілі бясплатныя публічныя лекцыі і афіцыйнае рэпетытарства, але фінансавая міліцыя палічыла такі від дзейнасці незаконным.
«Мы нават не паспелі выпусціць першых студэнтаў, як у нас канфіскавалі маёмасць, пачалі цягаць на допыты студэнтаў і выкладчыкаў… У такіх умовах выкладчыкі і студэнты не змаглі працаваць далей, і цяпер мы спрабуем зрабіць беларускамоўны ўніверсітэт за межамі краіны, бо ў Беларусі тое, што ты робіш, сёння можа належыць табе, а заўтра нехта прыйдзе і лёгка гэта адбярэ», — каментуе Таццяна Тоўсцік.
Таццяна Тоўсцік, філолаг і этнограф, ідэйны натхняльнік стварэння Белавежскага ўніверсітэта кібернетыкі і экалогіі.
У Таццяны з мужам баліць сэрца за беларускую навуку. Кіруючыся прынцыпам «калі не мы, то хто», сямейны тандэм вырашыў унесці свой уклад у яе развіццё.
Як гэта выглядае у бізнэс-кейсе актывістаў?
Месца
Для рэалізацыі свайго праекта Таццяна і Змітро абралі Белавежскі рэгіён, бо юрыдычна ён мае падставы для выкарыстання беларускай мовы ў дзяржаўных установах: там пражывае вялікі працэнт этнічнага беларускага насельніцтва. Да таго ж на месцы працуюць дзейсныя навуковыя лабараторыі. Калі больш канкрэтна, то на ўвазе маецца павет Гайнаўка. Мясцовыя ўлады і беларуская грамадскасць Беласточчыны выказалі гарачую падтрымку стварэння на іх землях універсітэта.
Акарамя таго, у межах праграмы будуць даступныя дыстанцыйныя курсы.
Што цікава, спачатку муж з жонкай прапанавалі супрацоўніцтва ЕГУ, аднак яго кіраўнікі адмовіліся, бо негуманітарныя навукі іх не цікавяць. «Наш университет заинтересован в открытии или развитии образовательных программ в рамках гуманитарных наук и искусств», — падкрэслілі Аляксандр Пупцаў і Аляксандр Каўбаска ў сваім адказе па электроннай пошце.
Факультэты
Між тым Канаплянікаў і Тоўсцік бачаць, што ва ўніверсітэце будзе працаваць тры асноўныя факультэты.
- Камп’ютарныя навукі і інфармацыйныя тэхналогіі, бо з Інстытута матэматыкі і кібернэтыкі ў актывістаў засталіся наладжаныя сувязі з выкладчыкамі ў гэтай галіне. Разам з тым тэхналогіі сёння — адзін з самых запатрабаваных кірункаў.
- Біялогія і экалогія. Гэта таксама запатрабаваныя кірункі.
- Этналогія і прыкладное мастацтва.
«Ні адно наша прадпрыемства не можа правесці нармальную піяр-кампанію за мяжой, бо не ведае, чым зацікавіць людзей з Еўропы і іншых краін. Трэба рыхтаваць для гэтай справы адмысловых спецыялістаў», — удакладняе апошні кірунак Зміцер Канаплянікаў.
Зміцер Канаплянікаў.
Выкладчыкі
Большая частка калектыва, што выкладала ў Інстытуце матэматыкі і кібернэтыкі, гатовая падарыць свае здольнасці і новаўтворанаму ўніверсітэту. Так, адзін з такіх выкладчыкаў Сяргей Чарнавокі ўпэўнены, што нам патрэбны новы, незалежны ўніверсітэт:
«Адукацыя ў Беларусі — адна з самых манапалізаваных сфер жыцця. І яна даволі адсталая, калі казаць шчыра. Я ў свой час заканчваў БДУІР. Нягледзячы на тое, што ён працягвае лічыцца адной з найлепшых навучальных устаноў, без слёз на гэта не зірнеш: усё працуе па старым схемам. Трэба даць людзям альтэрнатыву, а пасля хай яны самі робяць выбар».
Сяргей Чарнавокі, выкладчык спецыяльнасці «Інфармацыйныя сеткі».
З беларускімі біёлагамі і эколагамі таксама адбыліся папярэднія перамовы: знайшліся людзі, якія прапанавалі сваю дапамогу ў стварэнні Белавежскага ўніверсітэта.
Што тычыцца спецыялістаў у галіне этналогіі, то самі Змітро і Таццяна па адукацыі з’яўляюцца этнографамі.
«Мы пазіцыянуем будучы ўніверсітэт як беларускі, таму спачатку хочам прапанаваць удзел у гэтай справе беларусам. Калі не знойдзем спецыялістаў сярод нашых людзей, месцы, што застануцца, закрыем польскімі і іншымі выкладчыкамі», — дзеліцца планамі Таццяна.
Мова выкладання
Адной са сваіх галоўных мэт стваральнікі праекта бачаць змяншэнне пагрозы выцяснення моў карэнных народаў дамінуючымі мовамі свету: рускай, англійскай і іншымі. Таму вучыць студэнтаў тут плануюць як па-беларуску, так і па-польску, а таксама на ўкраінскай.
Грошы
Пытанне сродкаў у такіх глабальных праектах, відаць, прынцыповае і першаснае. А дзе іх браць? Актывісты глядзяць у будучыню пазітыўна і вераць у тое, што праект падтрымаюць фонды Польшчы і ЕС. Пошук фінансавання — гэта іх наступны крок пасля камплектацыі кадраў, бібліятэкі і атрымання акрэдытацыі. Але спачатку іх маркетынгавая кампанія павінна прымусіць паверыць у ідэю шырокае кола грамадскасці. «Усе праблемы беларусаў часцяком заканчваюцца там, дзе скончылася мяжа іх дома. Але трэба глядзець шырэй: калі мы не зоймемся праблемамі адукацыі сёння, то заўтра будзем мець яшчэ большыя правалы ў эканоміцы, навукова-тэхнічным развіцці і гэтак далей», — падсумоўвае Змітро.
Погляд збоку
Мы папрасілі двух экспертаў пракаментаваць чарговую ініцыятыву беларусаў па адстойванні права навучацца на мове.
Палітык і грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч сам не першы год спрабуе стварыць незалежны нацыянальны ўніверсітэт.
Аляксандр Мілінкевіч, фота: facebook.com.
На першым круглым стале, прысвечаным гэтай тэме, было вырашана, што ён мае быць сеткавым: з шырокім колам партнёраў і без жорсткай геаграфічнай лакалізацыі. Гэтай думкі Аляксандр прытрымліваецца да гэтага часу і лічыць, што, калі б усё атрымалася ў Таццяны са Змітром, яны б плённа маглі супрацоўнічаць з Белавежскім універсітэтам кібернэтыкі і экалогіі.
«Польскае заканадаўства працуе інакш, шмат у чым рабіць новыя ініцыятывы там прасцей. Калі, напрыклад, казаць пра інтэрнэт-адукацыю, то за мяжой нават залікі можна здаваць анлайн даўно, у нас жа патрабуюць прысутнасці чалавека. Ды і сама інтэрнэт-адукацыя ў Беларусі не лічыцца паўнавартаснай. Нават тут мы адстаём, не да канца выкарыстоўваем чалавечы патэнцыял, вось і прыходзіцца людзям з’язджаць і рабіць нешта за мяжой. І калі ў Таццяны і Зміцера хопіць волі і жадання, яны сапраўды гараць гэтым — у іх усё атрымаецца, і мы аб’яднаем нашы высілкі ў адукацыйнай працы», — пракаментаваў палітык.
Беларускі і польскі гісторык Яўген Мірановіч нарадзіўся на Беласточчыне, ён валодае польскім заканадаўствам і лічыць, што галоўнай перашкодай для стварэння новай навучальнай установы можа быць адсутнасць грошаў.
Яўген Мірановіч, фота: wikipedia.org.
«Крыніца фінансавання — гэта самае важнае. З юрыдычнага пункту гледжання фармальных перашкод няма, але паспяховасць ініцыятывы залежыць ад чалавека, які ўзначальвае праект: ён абавязкова пройдзе праверку органаў бяспекі. Дакументы, якія трэба аформіць знаходзяцца ў вольным доступе на інтэрнэт-старонцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі. Праўда, адкрыць у Польшчы менавіта ўніверсітэт, хутчэй за ўсё, немагчыма. Трэба мець 8 факультэтаў, каля сотні прафесараў і дактароў… Але магчыма распачаць працу ўстановы вышэйшай адукацыі: такіх прыватных у Польшчы шмат», — падзяліўся меркаваннем Яўген і пазычыў актывістам поспехаў.
Калі вас зацікавіла ідэя стварэння беларускамоўнага ўніверсітэта і вы хочаце дапамагчы словам ці справай, можна звязацца з Таццянай ці Зміцерам наступным чынам:
skype: zmirto_ka
+380968804479 (Viber, WhatsApp)
+375297847360