10 студзеня 2008 году наведнікі nn.by заўважылі незвычайную цікавостку: на сайце зьявілася першае відэа. Здаецца, ня так і шмат часу прайшло з таго дня, але прагрэс відавочны. На гэтым тыдні лічба наведваньняў нашага інтэрнэт-відэаканалу перавысіла 100 000! Самае папулярнае відэа, зьнятае падчас сэнсацыйнага выхаду Аляксандра Казуліна на волю для пахаваньня жонкі Ірыны, праглядзелі амаль 15 000 разоў.

Насамрэч, ствараць відэа неймаверна цікава і ня так ужо і складана, як можа здацца: галоўнае пачаць. Зрэшты, давялося сутыкнуцца і са шматлікімі праблемамі — ад збояў у інтэрнэце да рэпрэсіяў. Гэта не перабольшаньне: 15 траўня падчас здымак быў арыштаваны відэакарэспандэнт НН Яраслаў Сьцешык. Суд быў нядоўгім, прысуд прадказальным: 5 сутак за «лаянку».

Але не былі б мы беларускімі журналістамі, каб сумавалі з гэтай прычыны. Праца працягваецца: у абноўленым сайце НН рубрыка інтэрнэт-відэа заняла пачэснае месца ў самым версе галоўнай старонкі.

На сайце НН можна пабачыць і гарачыя рэпартажы з мітынгаў (дарэчы, гэтае шакуючае відэа паказаў нават тэлеканал Аль-Джазіра ў сваім рэпартажы пра Беларусь), і па-мастацку прыгожыя рэпартажы нашай відэакарэспандэнткі Тацяны Гаўрыльчык з агнявога шоў ці з Купальля ў Строчыцах. Мы выпраўляемся ў вандроўкі разам з таленавітымі фотажурналістамі НН, і пішам агульнанацыянальную дыктоўку разам зь легендарнай дыктаркай Зінаідай Бандарэнкай. Відэа НН можна глядзець нават па-ангельску.

Пакрысе мы пачынаем ствараць уласныя відэапраграмы. Надоечы распачаў сваю працу відэаблог кінакрытыка Андрэя Расінскага «Кадры», дзе можна будзе азнаёміцца з апошнімі навінкамі кінапракату.

Мы ня толькі выстаўляем у сеціва ўласныя відэаматэрыялы, але і шукаем у інтэрнэце цікавыя сюжэты іншых аўтараў ды выстаўляем на сайт, даючы пляцоўку для выказваньня і буйным тэлеканалам, і блогерам, і нават таленавітым школьнікам, якія зьнялі фільм пра родны горад.

Відэа сайту НН перастаўляюць на сваіх старонках і найбуйнейшы беларускі партал TUT.by, і «Хартыя’97» і «Беларускі партызан» , і шматлікія ўладальнікі інтэрнэт-дзёньнікаў. Абменьваючыся спасылкамі на відэа ў сеціве, мы разам ствараем адзін вялікі тэлеканал свабоды.

Інтэрнэт-відэа надзіва дэмакратычнае. Яго можна глядзець калі заўгодна і задарма (каштуе толькі інтэрнэт-трафік), без навязьлівай рэклямы. Інтэрнэт-відэа можна ствараць і самому — дастаткова захацець і прыкласьці крыху намаганьняў. У наш час ня трэба мець дарагога абсталяваньня для таго, каб зрабіцца відэакарэспандэнтам ці займець славу папулярнага відэаблогера. Здымаць відэа можна і на мабільны тэлефон, і на лічбавы фотаапарат. Выкладайце сваё відэа ў інтэрнэт, дасылайце нам спасылкі, і мы будзем разам ствараць сваю інтэрнэт-тэлевізію!

Глядзець відэа НН можна наўпрост на YouTube, у асобным разьдзеле НН на відэапартале belarus-live.tv, але найлепей — на сайце НН, з тэкстам, фота, і камэнтарамі — нашымі ды вашымі.

Пабачымся!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?