Беларускі афіцыйны лідэр выдаў сваё нецярплівае чаканьне хоць нейкага заходняга перніка. "У адказ на шчырае жаданьне Беларусі нармалізаваць дачыненьні з Захадам, са Злучанымі Штатамі, на нашы канкрэтныя захады ні Эўразьвяз, ні ЗША з адэкватнымі мерамі сьпяшацца не зьбіраюцца", — зазначыў Лукашэнка 29 жніўня падчас кадравых прызначэньняў у сілавых ведамствах.

Цікава, якія адэкватныя захады могуць быць? Выпусьціць вязьняў Гуантанама? :)

Калі ж сур'ёзна, то нецярплівасьць можна зразумець: цяжка доўга трываць у шпагаце, як назваў цяперашні этап беларускай "шматвэктарнасьці" палітоляг Рар.

Расея цярэбіць, каб Менск прызнаў дзяржавамі мяцежныя грузінскія правінцыі.

Паліятыўная заява ад 28 жніўня: калега Мядзьведзеў, мы вас маральна падтрымліваем і ўсё такое — Маскву, канечне ж, не падманула.

"Лукашэнка ўвільнуў ад прызнаньня Абхазіі ды Паўдзённай Асэтыі", — вынеслі вэрдыкт пракрамлёўскія "Известия".

Прызнаць тыя мяцежныя тэрыторыі на фоне маўчаньня іншых дзяржаў СНД (ня кажучы ўжо пра астатні сьвет) — само па сабе, мякка кажучы, нявыйгрышна. Але гэта яшчэ можна было б неяк перажыць (у рэшце рэштаў, пра каўкаскія справы ў 12 умовах Эўразьвязу няма ні слова). Аднак жа для беларускага кіраўніцтва падрыхтавана і наступная, яшчэ горшая пастка. Павал Барадзін абяцае выпіць тры літры, калі Абхазія з Паўдзённай Асэтыяй будуць прынятыя ў саюзную дзяржаву. Беларускаму ж кіраўніцтву ў такім разе лепей выпіць атруты.

Уявеце сабе Найвышэйшую дзяржраду, дзе па ўсіх пытаньнях расклад галасоў 3:1 на карысьць Крамля. Тушы сьвятло!

Між тым па сёньняшніх рэпліках афіцыйнага беларускага кіраўніка можна ўскосна меркаваць, што ні эмісар дзярждэпу Мэркел, ні пасланец Эўракамісіі Мінгарэлі ў Менску абяцанкамі надта ня сыпалі. І найперш паставілі ўмовай дэмакратычныя выбары. Ну а якія яны будуць дэмакратычныя, мы з вамі ўжо дастаткова выразна ўяўляем.

Такім чынам, у паветры лунаюць некалькі вострых пытаньняў. Ці дацісьне Масква раней, чым Захад сасьпее для выдачы перніка? Ці ня "здасьць" Захад, у сваю чаргу, апазыцыю, сьпяшаючыся навесьці масты зь Беларусьсю, пакуль яна ня стала расейскай правінцыяй? Нарэшце, ці не сапсуе маліну сама апазыцыя, па-дзіцячаму тупаючы ножкай, што яе не прымаюць у дыялёг?

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што ў Лукашэнкі надта мала часу. "Масква вось-вось дацісьне, і гэты імпэт адчуваецца па заявах амбасадара Сурыкава. Гаворка ня толькі аб прызнаньні тых рэспублік, але ўвогуле аб накіданьні расейскага хамута: "асымэтрычны адказ" на СРА і гэтак далей. Між тым Эўразьвяз, нагадаю, складаецца з 27 краін. Там няпроста як прыняць нейкае рашэньне, так і скасаваць. Беларускі рэжым нямала пастараўся ў свой час, каб нажыць тыя санкцыі, і зараз ня варта спадзявацца на нейкі імгненны цуд…".

На думку Якаўлеўскага, Лукашэнку могуць змусіць да прызнаньня мяцежных правінцый ужо на саміце АДКБ 5 верасьня. Ці, калі хочаце, у кулюарах тога саміту.

Са свайго боку, палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што этапным для далейшага лёсу стасункаў між Менскам і Захадам стане вынік выбараў у Палату. "Захад тут перад цяжкой дылемай, — кажа Фёдараў. — З аднаго боку, выбары, зразумела, будуць далёка ня ўзорныя. Зь іншага — ёсьць рэальная небясьпека для незалежнасьці Беларусі. А калі ідзецца пра нашу незалежнасьць, максымалізм Захаду ў беларускім пытаньні можа быць меней карысны, чым пэўная гнуткасьць".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?