Некалькі экіпажаў ДАІ спатрэбілася для затрымання аднаго байкера ў цэнтры Мінска, каб забяспечыць бяспеку інспектараў і прадухіліць небяспечную пагоню, патлумачыў вялікую колькасць службовых аўтамабіляў увечары ў сераду ў сталіцы начальнік аддзела агітацыі і прапаганды УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Заранік, піша Sputnik.by.

Пра эфектнае затрыманне байкера ў цэнтры Мінска паведамляла і «Наша Ніва». Па словах відавочцаў, да месца затрымання з'ехалася шэсць службовых машын. Байкер нібыта стаў мэтай інспектараў ДАІ пасля таго, як у міліцыю патэлефанаваў незадаволены высокапастаўлены чыноўнік.

«Чаму было шмат службовых машын? Па-першае, там пад'ехалі шмат яго калег-мотабайкераў. Бачачы такую колькасць байкераў, інспектары падстрахаваліся. Гэта меры асабістай бяспекі. А па-другое, калі супрацоўнік кажа, што затрымлівае мотабайк, мы разумеем, што ён можа не спыніцца, схавацца, пачнецца непатрэбная пагоня, якая можа прывесці да гібелі людзей. У гэтым выпадку падцягваюцца найбліжэйшыя экіпажы, каб аказаць дапамогу», — патлумачыў Заранік.

Ён падкрэсліў, што гэта не застрашванне, а звычайныя меры бяспекі.

Заранік растлумачыў, што быў званок у «102» з паведамленнем, што матацыкліст парушае ПДР у раёне вуліцы Вясёлкавай. Такіх званкоў, па словах прадстаўніка сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі, у дзяжурную службу паступае шмат.

«Гэты ўдзельнік дарожнага руху ехаў па сустрэчнай паласе, аб'язджаючы спадарожныя транспартныя сродкі, каб было хутчэй. Далей ён рухаўся па праспекце Пераможцаў на заднім коле. Перакрыжаванне Незалежнасці — Леніна ён праехаў без стрэлкі, якая дазваляе праезд, выехаў на праспект», — распавёў Заранік.

У дачыненні да матацыкліста супрацоўнікі ДАІ склалі тры пратаколы: за выезд на сустрэчную паласу, праезд святлафора на чырвонае святло і ўсталяваны з парушэннем нумарны знак.

«Дзяржаўны нумарны знак у яго быў «нечытэльны», як яны культурна кажуць. Ён чытэльны, калі толькі пад кола залезці», — растлумачыў прадстаўнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Байк на дадзены момант знаходзіцца на стаянцы ДАІ, прызначаная экспертыза. Інспектараў, па словах Зараніка, збянтэжыла зварка. Таму было прынята рашэнне дбайней вывучыць паходжанне транспартнага сродку, як ён трапіў у Беларусь.

«Глядзіце, каб потым не аказалася, што чалавек парушыў закон у плане крымінальнай адказнасці. Увёз матацыкл кантрабандай — гэта ўжо можа быць махлярства са страхавымі кампаніямі», — растлумачыў прадстаўнік ДАІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0