Усё будзе добра! — кажа аптымiст ува мне, які прачынаецца ў час вандровак ці падарожжаў з сябрамі на прыроду. Але як толькі я вяртаюся ў горад, аптыміст мой засынае. Горад цісне на мяне, гэта відавочна, але на нейкі час я дамаўляюся сам з сабою, што гэта проста неабходнасць, з якою трэба мірыцца.

Наступны герой праекту «Лад жыцця» — лідар гурта «Крама» Ігар Варашкевіч, беларускі рок-музыка, блюзмен, распавядае пра сябе, разглядваючы вынікі нашай фатасэсіі.

Чытайце таксама: «Валасы чалавека — гэта антэны, якія ўзмацняюць яго ўплыў на іншых» — ФОТАпраект «Лад жыцця» з Алегам Хаменкам

IMG_6667 копия

Мне зусім неабыякава, якія эмоцыі атрымлівае слухач на нашых канцэртах. Бывае, што з першай ноты разумееш: о, файна зайшло! А бывае, што няма кантакту, што ні рабі. I справа не ў тым, што людзі на канцэрт прыйшлі пагрэцца, — такога ў нас не бывае. Чорт ведае, можа ў гэты дзень зацменне якое, — распавядае Ігар. І ты як бы углядаешся ў чалавека: ну, якія эмоцыі цябе радзіраюць? А там — нікога дома. Зрэдку, але і такое бывае.

IMG_6595 копия

Старычок, паслухай, пакінь мяне ў спакоі, — гэта пра мае адносіны з Богам.

Я не чакаю цуд, веру толькі ў сябе.

Музыка заўжды была ў мяне на першым плане. А тэксты запісваліся ўжо пасля: спачатку я замацоўваў свае мастацкія вобразы ў мелодыі.

Калi колькi лет таму я пачуў песню «Hey Joe!» ў выкананнi Хендрыкса, яна зачапiла мяне да мурашоў… Я нават не ведаў, аб чым там пяецца, але зразумеў: першасна для мяне — гармонiя рытму i гукаў.

Я навучыўся маляваць гукамі — да мяне прыходзіць музыка звыш. А вось вершы да мяне самі не iдуць. Можа, гэтую здольнасць ў Бога папрасіць, калі раптам сустрэнемся з iм недзе, — усміхаецца Ігар.

Але мне пашанцавала, бо таму, хто піша «Краме» вершы, практычна нічога тлумачыць не трэба: ен чуе мелодыю і трапляе ў яблычка. 

IMG_6507-3 копия

У блюзе я смакую кожную ноту... Першы раз гукi гармонiка я пачуў у школе, недзе ў пачатку 70-х і адразу зразумеў: о, гэта маё.

Ад яго гучання я атрымліваю непараўнальную нi з чым асалоду. Нават прыдумаў яму назву: музычны губны гармонікавы аргазм. З сапраўдным блюзавым гармонікам я пазнаеміўся на другім годзе службы ў войску. Ад маладога байца, ужо прафесійнага музыкі, я даведаўся, што існуе дыятанічны лад. То бок, дагэтуль я спрабаваў граць блюз на звычайным гармоніку.

З гэтым iнструментам шмат смешных і не вельмі гісторый было. То падчас канцэрту гармонік знікне, і ты не ведаеш, у які бок кідацца, каб хутчэй адшукаць яго. То ў працэсе імправізацыі схопіш не той, з іншай танальнасцю, і выкручвайся, як можаш. А быў і зусім непрыемны выпадак: скралі гітару з чахлом, у якім былі і дакументы, і некалькі крутых гармонікаў.

IMG_6509 копия

Душа наросхрыст — не маё. Спакой, цішыня, нават лянота — вось мае беларускія рысы. У маей інтэрпрэтацыі лянота — гэта расслабон, трохі паніжаная жыццёвая актыўнасць. Але дзякуючы ёй, я і нешта ствараю — музыку, карціны. Не хачу хапацца адразу за ўсе, не хачу некуды бегчы і напружвацца. Гэта мая творчая асаблівасць, і мне з гэтым жыць, а інакш я тварыць не ўмею. З узростам прыйшла і мудрасць, і ўсведамленне, што ў нашай краіне без іроніі і сарказму не пражывеш. Таму на «абібока» не крыўдую. Тое, што я люблю спакой, не азначае, што мне ўсе абыякава.

IMG_6484-веб

 

Хавайся ў бульбу! Я даволі катэгарычны, але неканфліктны. Поглядаў сваіх ніколі не мяняю. Не вагаюся, заўседы кажу «не», калі мне нешта не падабаецца. А гвалту не прымаю ні ў якім выглядзе. Лепей дыпламатычна абыйду вострыя куты. Магу прамаўчаць, але па маім твары будзе відаць ўсё. Так што лепей мяне не чапляць. Я рэдка іду на кампрамісы, і толькі тады, калі яны наўпрост звязаныя з працай у гурце. Бо па-іншаму не зробіш.

IMG_6527-веб

 

Задзяўбла стабільнасьць! Самы творчы час, як гэта ні дзіўна, быў тады, калі была нестабільнасьць. Зараз усе стабiльненька, чысценька, прэсненька, — сум! Гэта не тое, аб чым мы марылi ў маладосцi.

 

IMG_6605 копия

ЦВІКI, ГІТАРЫ I СЯБРЫ

Я на цвік гітару вешаць ніколі не збіраўся. Тым больш цяпер у мяне столькі гітар, што і цвікоў не хопіць. Сябры даволі часта называюць мяне песімістам, — у мяне цяжкі выпадак, — вясёлыя песні пішуцца ў сумным настроі і наадварот. Ну, калі б той самы Бог даў мне тое натхненне, тую працаздольнасць, што былі ў маладосці, я б і паверыў у яго. А так — не. Нават мара мець крутыя гітары здзейснілася ў гэтым жыцці дзякуючы сябрам, а не Богу.

IMG_6648чб

Можа гэта проста хвароба спаць не дае па начах?

Я вельмі перажываю за лёс сваёй краіны, якая дагэтуль з’яўляецца тэрыторыяй для нейкіх эксперыментаў. Мне сумна ад таго, што насельніцтва Беларусі прыняла прапанаваную форму існавання нейкага постсавецкага саўгаса. А вось што асабліва напружвае, дык гэта праваслаўе, настоенае на алкагалізме. І наадварот.

Але цалкам я, безумоўна, шчаслівы — збылася мая мара стаць рок-музыкам. А жыццё склалася трохі не зусім так, як хацелася.

IMG_649web

НІЯКІ Я НЕ ГЕНЕРАЛ. 

Не люблю, калі «Краму» называюць «генераламі року» ці «легендамі». Хто прыдумаў гэтыя назвы, мне невядома, але ж усе, як дурныя, падхапілі і пад капірку перапісваюць гэтую лухту. Быццам нельга папросту абазначыць дачыненне «Крамы» да станаўлення беларускага року. Гэтага дастаткова. Безумоўна, гурту ёсць чым ганарыцца, але ёсць і над чым працаваць, а вось пафасу я не люблю.

Калі Дылан атрымаў Нобеля, я чамусьці задумаўся: калі б у нас была такая прэмія, я б яе дакладна аддаў Змітру Лукашуку. У яго ясныя ёмкія тэксты без дробязяў і смецця, — тое, што трэба.

IMG_6616веб

ЦІ ЁСЦЬ У МЯНЕ ХАРЫЗМА?  Ну калі ты так настойваеш… — як можна граць на сцэне блюз без яе? Прыходзіць да мяне гэтая харызма падчас канцэрту, але відавочна, што я не паводжу сабе на сцэне як сэкс-сімвал.

Мае карані далі мне нейкія рэчы, якія цяжка патлумачыць. Той жа тэмбр. Я не нарадзіўся з iм, але слушна зрабiў, што не маючы класічнай адукацыі, не пабаяўся спяваць. А прыклад такіх музыкаў, як Боб Дылан, Джымі Хендрыкс, Джы Джы Кейл, Марк Нопфлер, упэўніў, што я выбраў свой шлях.

IMG_6508-2веб

ФІГУРНЫЯ ЯК ГІТАРЫ І ГНУТКIЯ ЯК ПАНТЭРЫ 

Жартую, але жанчыны мне падабаюцца стройныя, хударлявыя і невысокія. Я не аматар абмяркоўваць гэтую тэму, бо лічу яе інтымнай. З кiнаакторак мне даспадобы Фані Ардан, Жанна Маро, Сафі Марсо такая, якая яна зрабілася зараз.

Вельмі актыўныя дамы мяне пужаюць, — ну гэта я пра тых, што выносяць мозг. Мадэлі з вокладак — таксама не мае. Мяне прыцягвае незвычайная прыгажосць і дабрыня.

Але актрысы актрысамі, гітары гітарамі, а я ўжо амаль дзесяць год разам са сваею каханаю Сонькай.

Таму ўсё будзе добра!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?