26 жніўня ў Мінск прывязуць часцінку мошчаў Марыі Магдаліны. Такая інфармацыя з'явілася на афіцыйным сайце Беларускай праваслаўнай царквы.
Святая роўнаапостальная Марыя Магдаліна - адна з жанок-міраносіц, першых сведак Уваскрэсення Хрыстова. Пасля ўзнясення Хрыста яна, паводле царкоўнай гісторыі, была місіянеркай у Галіі і Рыме, за што была названая Царквой роўнаапостальнай.
Памерла яна ў Эфесе, адкуль у IX стагоддзі яе мошчы былі перанесеныя ў Канстанцінопаль. Пасля крыжовых паходаў мошчы святой былі падзеленыя, большая іх частка цяпер у Заходняй Еўропе. Адна з часцінак была перанесеная з Бельгіі ў Ільінскі Адэскі мужчынскі манастыр, адкуль і прыбудзе 26 жніўня ў Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор на пастаяннае захоўванне.