Часам зьлёгку раздражняюць нашы савецкія газэты: хтосьці зьляпіў нейкую статую і хоча яе прапхнуць, атрымаць грошы. І не, каб напісаць гэтыя сухія зьвесткі, напрыклад. Не, аўтар пачынае захапляцца тым, чаго яшчэ няма, дзякаваць Богу (зь Вялікай, здаецца, зараз трэба). Такі першабытна-наіўны абстрактны падыход. Нават калі журналіст не зьвяртаецца да архітэктара, іншага скульптара, да гісторыка, ён жа павінен прынамсі мець уласныя вочы на месцы.

Калі ў краіне, прыкладам, мільён хрушчовак, перад імі, паміж, збоку, ззаду можна ставіць што заўгодна, хаця таксама варта ўперад падумаць і ўзважыць. Калі ў Лідзе адзін замак і паўтысячы ці, хай, крыху менш хрушчовак, то перад ці насупраць замка павінен стаяць Вялікі князь Гедымін, які пабудаваў фартэцыю і заснаваў Ліду, а не “савецкі камандзіровачны на пацёртым чамадане”. Але коннай статуяй князя гадамі займаюцца, абмяркоўваюць, улады, дарэчы, зусім ня супраць, сам размаўляў. А тут раптам на парозе зьяўляецца заежджы аўтар, якому таксама варта было б разумець у якім архітэктурным асяродзьдзі ён хоча пасадзіць на свой чамадан свайго савецкага камандзіровачнага. На жаль, яго гэта не кранае, ён гатовы адразу адпраўляць статую ў ліцейны цэх.

І вось, сябры мае, з аднаго боку Фарнага касьцёлу стаіць бронзавы Фр. Скарына з кнігай, а з другога будзе — бронзавы камандзіровачны. І перад замкам неўзабаве зьбяруцца зноўку рыцары, некаторыя конныя, каб паказаць, напрыклад, у ім турнірныя баі на 685-годзьдзе гораду. І на іх будзе з пацёртага чамадану з савецкай настальгіяй у вачах і абавязковым кіпяцільнікам у чамадане пазіраць савецкі камандзіровачны. А чаму ён на чамадане мусіць сядзець, а ня ў нумары? Напэўна таму, што ў слаўныя савецкія часы нумароў, месцаў у рэстарацыі, квіткоў на цягнік і самалёт, дастатковай лічбы таксовак ніколі не было. Сьпіс, зразумела, можна працягнуць: чаго ў савецкія часы не хапала, ці не было зусім, на здабываньне чаго ішла значная частка часу, высілкаў, думак, жыцьця савецкіх людзей.

А ў выніку аказваецца, што мы яшчэ недастаткова ўвекавечылі савецкія часы, як некаторым здаецца. Якія ж тады ў нас увекавечаны? Першабытна-абшчынныя? У нас ня Ленін, хіба, стаіць на кожнай плошчы, нэандэрталец? Памятаю, як усе газэты ажно захлынуліся навіной, што некаму заманулася паставіць у Лідзе бронзавага савецкага дворніка. (Пакуль што няма). Абстрактна-савецкі падыход, ён папросту набыў другое дыханьне. Добра: няхай гарадзенскі Чапай, сэрыйна-гіпсавы, якога па эСэСэСэРы распаўсюдзілі калісьці ў плянавым парадку, міма якога хаджу штодня, ці не заўважаецца болей, ці выклікае адно іронію. Але забыцца немагчыма: да Беларусі, да Горадні — ніякага дачыненьня ніколі ня меў. Апроч, вядома, анекдотнай папулярнасьці.

Памятаю, як абразіла друкаваная радасьць з нагоды будучага бронзавага дворніка, бязглуздыя літаўры, панегірыкі Іванаў, ня помнячых радства. Я йшоў тады па Лідзе і думаў: гэта нармальна, чалавека з народу зьляпіць, ня толькі Леніна, але ж працягваецца рассылка чапаяў ды іншых па райцэнтрах і гэпэ. Мы ў Лідзе! Калі скульптары не вывучалі гісторыю, шкада. Ну, пачытайце вазьміце, хаця б разгарніце! Зьляпіце помнік будаўніку замка альбо півавару. Ліда слаўная замкам і півам, хай нават яно пагоршылася, а замак ніяк не адбудуюць, практыкуючы савецкі падыход. Але ж, не! Працягваецца савецкая манумэнтальная прапаганда, у якой ленінаў замянілі дворнікамі, якіх таксама можна паставіць перад любым савецкім невыразным домам, у любым падворку, на любой ленінскай плошчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?